130 гадоў таму нарадзіўся вялікі беларускі тэолаг



Святар, бенедыктынец, місіянер, доктар філасофіі і тэалогіі, публіцыст, беларускі грамадскі дзеяч Язэп Рэшаць нарадзіўся роўна 130 гадоў таму – 28 жніўня 1890 года ў Рушчанах каля Харошчы на Беласточчыне.

Першую адукацыю Язэп Рэшаць атрымаў у школе ў Рушчанах. А ў 1908 годзе Язэп вучыцца ў Вільні ў епархіяльнай духоўнай семінарыі. За гэты час семінарыст знаёміцца з многімі беларусамі Вільні, далучаецца да іх, спрабуе свае сілы ў журналістыцы і публіцыстыцы.

З 1913 года ён супрацоўнічае з каталіцкім тыднёвікам “Беларус”, шмат піша, друкуецца. Пасля заканчэння семінарыі, Язэп Рэшаць едзе ў Рым, і паступае ў Нямецкі інстытут (Germanicum). Але там правучыўся нядоўга, бо інстытут быў ліквідаваны. І Язэп працягвае адукацыю ў Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, які скончыў са ступенню доктара філасофіі і тэалогіі. У Рыме ён быў рукапакладзены ў святары.  Дарэчы, падчас знаходжання ў Рыме ў 1918-1921 гадах Язэп Рэшаць з’яўляўся неафіцыйным прадстаўніком Беларускай Народнай Рэспублікі ў Італіі.

У 1921 годзе беларус вяртаецца на Бацькаўшчыну. Спачатку працаваў вікарыем-кааператарам у Гародні, а потым пераехаў у Вільню. Язэп Рэшаць стаў працаваць прафесарам філасофіі і апалагетыкі ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. З усіх выкладчыкаў семінарыі ён быў адзіным шчырым беларусам. Адначасова выкладаў патрыстыку ва ўніверсітэце імя Стэфана Баторыя і Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі.

Але беларускія католікі ў былой Заходняй Беларусі ў той час спакойнага жыцця не мелі. Асабліва, калі Віленскім мітрапалітам у чэрвені 1926 года быў прызначаны Рамуальд Ялбжыкоўскі. Яго дзейнасць вызначалася вострым наступствам супраць усяго беларускага ў рэлігійным жыцці. У 1931 годзе той самы Ялбжыкоўскі нахабным чынам звольніў з ліку прафесараў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі Язэпа Рэшаця. Ён хутка вяртаецца на родную Беласточчыну і працуе ў Беластоцкай настаўніцкай семінарыі, а з 1931 года пачаў душпастарскую дзейнасць у вёсцы Даўнары на Мазурах.

Язэп Рэшаць вызначаўся павагаю да навучэнцаў, цярплівасцю, адсутнасцю ўсялякай фанабэрыі і крытычнасці ў адносінах да тых, хто яго слухаў. Сваю пазіцыю па ахове скарбаў веры не раз выкладаў у артыкулах у часопісе “Хрысціянская думка” ды іншых выданнях. Асаблівай увагі заслугоўваюць ягоныя кнігі  “Асновы хрысціянскай веры да беларускага народу” (Вільня, 1927), “З гісторыі апалагетыкі хрысціянскай” (Вільня, 1927), “Кароткі катэхізм для беларусаў-каталікоў” (Вільня, 1927), “Святыя” (Вільня-Львоў, 1937) і іншыя. Ён сам шчыра паверыў у беларускае адраджэнне напачатку ХХ стагоддзя і не шкадаваў сваіх сіл для таго, каб несці яму хрысціянскія каштоўнасці. Пад псеўданімам Язэп Рушчанец беларус з Беласточчыны напісаў і выдаў асобнымі кніжачкамі п’есы “Зорка-ідэя” (Вільня, 1933) і “Першыя ластаўкі” (Вільня, 1931).

Хутка айцец Рэшаць пераязджае ў ЗША. Але і там ён не адмовіўся ад сваіх ідэалаў, ад мары яшчэ паслужыць дзеля духоўнага адраджэння свайго народа. У Амерыцы ён зноў аддаецца выкладчыцкай і навуковай дзейнасці, працуе сярод беларускай эміграцыі. Аднак гэта ўжо было на схіле жыцця. Памёр айцец Язэп Рэшаць 15 лютага 1958 года.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя