Аляксандр Ярашук: Застрашваюць, бо самі баяцца
Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавёў пра тое, чаму кіраўнік Беларусі апошнім часам наведвае сілавікоў і вайсковыя часці.
Аляксандр Лукашэнка наведаў 28 ліпеня вайсковую часць 3214 унутраных войскаў ва Уруччы ў Менску. Там яму прадэманстравалі спецыяльную трэніроўку па разгоне акцыі пратэсту.
На мінулым тыдні кіраўнік Беларусі наведваў такую ж брыгаду ў Мар’інай Горцы.
Аляксандр Ярашук: Уладу зараз і насамрэч апанаваў панічны страх, а таму мы і бачым паездкі па вайсковых часцях, наведванне спецназаўцаў. Людзям дэманструюць не толькі вадамёты для разгону акцый пратэсту, але ўжо пачалі паказваць і снайперскія вінтоўкі. Застрашваюць, бо самі баяцца.
Народ хочуць застрашыць, хоць ад такой дэманстрацыі ў людзей з’яўляецца, мякка кажучы, яшчэ большая непавага да гэтай улады.
РР: Ужо гучалі заявы, якія непразрыста намякалі, што ў краіне магчымы дзяржаўны пераварот…
Аляксандр Ярашук: І хто рыхтуе гэты пераварот – тры жанчыны? Пакуль што я чую, што пра Майдан амаль кожны тыдзень кажа толькі адзін чалавек, а ўсе астатнія пра гэта і не ўзгадваюць.
Затое ўзгадваюць пра тое, што людзям патрэбны сапраўды празрыстыя выбары, і, каб усе кандыдаты знаходзіліся ў абсалютна роўных умовах.
У што пераўтварылі ў Беларусі за 26 гадоў выбарчы працэс? У самы сапраўдны цырк. У выбарчыя камісіі не пускаюць “ненадзейных”, незалежных назіральнікаў на сёлетніх выбарах практычна не будзе. Адным словам, проста плююць людзям у вочы і сцвярджаюць, што гэта божая раса.
Дык ёсць жа мяжа людскому цярпенню! Ёсць жа нейкая чалавечая годнасць. Таму калі людзі і вырашаць выказаць сваё абурэнне гэтым, то тут не палітэхнолагі парупіліся, а самі ўлады.
Вось яны сёння і застрашваюць народ спецназам і вінтоўкамі. Але што далей? Цэнтрвыбаркам лічбы народнай любові намалюе?Улада выбрала для сябе тупіковы шлях.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя