У Гомелі пераследуюць сына вядомых журналістаў
У Гомелі пераследуюць сына вядомых журналістаў Алены Германовіч і Паўла Міцкевіча.
18-гадовага Юрыя Германовіча судзяць паводле артыкула 17.1 Адміністрацыйнага Кодэкса. Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта “чапляўся да мінакоў і размахваў рукамі”. 3 ліпеня юнак разам з сябрам накіроўваўся на цэнтральны пляж, але быў затрыманы байцамі АМАП і завезены ў Цэнтральны РАУС. Пазней яго змясцілі ў ІЧУ, дзе яму параілі, каб бацькі не пісалі нічога пра здарэнне ў СМІ. На судзе прысутнічаў праваабаронца Леанід Судаленка:
– У залі суда прысутнічалі супрацоўнікі АМАПу – гэта такое аказанне ціску на саму асобу, якая прыцягваецца да адказнасці. Ён даволі малады хлопец, першы раз і напэўна хвалюецца. Другое, што больш верагодна, з улікам таго, што па справе працуе адвакат, і для іх як бы трэнінг зрабілі такі. Паглядзіце, як правільна трэба складаць працэсуальныя дакументы.
Журналістка Алена Германовіч заўважае, што не збіраецца спыняць журналісцкую дзейнасць:
– Калі ў гэты момант я здамся, напрыклад, я зраблю афіцыйную заяву, што я больш не працую на БелаПАН, на незалежныя сродкі інфармацыі, то гэта будзе значыць, што яны выйгралі і на гэтым ціск не спыніцца, куды б я не сышла. Менавіта на гэтым моманце нельга здавацца, бо тых, хто слабы, іх душаць далей і далей.
Пасля заслухоўвання пазіцый бакоў суддзя Алеся Осіпава з Цэнтральнага раённага суда Гомеля прыняла рашэнне пра працягненне разбіральніцтваў 31 ліпеня.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель