Барыс Гарэцкі: Улады вельмі агрэсіўна настроеныя да прэсы



Напружанне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі нарастае і лакмусавай паперкай гэтага з’яўляюцца адносіны ўлады да незалежных журналістаў. Улады не хочуць, баяцца бачыць рэальную карціну таго, што адбываецца ў грамадстве. Таму амаль кожны дзень прыходзяць навіны пра затрыманне журналістаў, ці нейкіх іншых формах ціску.

З „Госцем Рацыі, намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барысам Гарэцкім сітуацыю абмяркоўвае Генадзь Барбарыч:

РР: Чым бліжэй да выбараў, тым больш ламаюць дровы нашыя праваахоўныя органы.

– 28 ліпеня скончылася, але пачалося 29 і што будзе сёння ўвечары ніхто не ведае. Я апошнім часам цытаваў выказванне адной журналісткі БТ, якая ў так званым „Прэзідэнцкім пуле”. Яна выходзіць з дому раніцай і не ведае, калі і дзе скончыцца яе працоўны дзень. Я не ведаю, дзе скончыцца працоўны дзень у нас з вамі. Сёння ў нашых калег дзень сапраўды разгортваецца драматычна. Улады стараюцца максімальна збіць шквал інфармацыі, актыўнасці працы журналістаў усёй медыяструктуры, каб не стваралася нейкая карцінка. Мне падаецца апошнім часам, што вось гэтую напружанасць стварае беларускае тэлебачанне. Пасля гэтых сюжэтаў наадварот хочацца выйсці мітынгаваць таму, што такой адкрытай хлусні, як зараз на БТ гучыць, проста немагчыма стрываць. Я прывяду адзін прыклад, навінны выпуск „Панарамы” на БТ пачынаецца з сустрэчы Лукашэнкі са сваімі даверанымі асобамі. А дзе інфармацыя пра іншых кандыдатаў і іншыя сустрэчы з даверанымі асобамі? Гэтай інфармацыі няма. То бок аднабаковая падача, што Лукашэнка сустрэўся з Крывашэевым ды іншымі сваімі памагатымі. У мяне гэта выклікае пратэст, у мяне гэта выклікае абурэнне. Вось так зараз выглядае сітуацыя з медыя.

РР: А што з гэтым выпадкам усё ж такі? Чым скончылася затрыманне журналістаў?

– Частку журналістаў вызвалілі адразу, завезлі ў аддзяленне міліцыі Завадскога раёна. Частку журналістаў вызвалілі праз некалькі гадзін – праз тры гадзіны, нават больш. У Цэнтральным РАУСе трое былі. Потым стала вядома, што затрымалі галоўнага рэдактара The Village Беларусь Яўгенію Сугак. Яна таксама правяла колькі гадзінаў у аўтазаку і напрыканцы дня яе вызвалілі наўпрост з аўтазаку. Калі ўлады ўжо зразумелі, што ніякіх акцый далей не будзе. То бок усе на волі, але пачаўся новы дзень, а што будзе ўвечары я не ведаю. Улады зараз вельмі агрэсіўна настроеныя да прэсы. 

РР: Мабыць гэта рэпетыцыя таго, што будзе 9-га жніўня. 

– На жаль гэта рэпетыцыя ў нас адбываецца кожны год фактычна. Такія спецаперацыі падчас Дня Волі, падчас іншых акцый, калі масава затрымліваюць журналістаў. Ясна, што „Беларуская асацыяцыя журналістаў” без перапынку працуе, гэта суцэльны онлайн. Сядзіш і здаецца, вось вызвалілі ўжо ўсіх, але хтосьці тэлефануе і кажа, што зноў кагосьці затрымалі. Канешне мы будзем інфармаваць і інфармуем усіх нашых замежных партнёраў. Я спадзяюся, што хоць гэта неяк дазволіць калі не перашкодзіць затрыманням, то каб журналістаў хоць не саджалі на суткі, не штрафавалі, не судзілі. Ну затрымалі і праз тры гадзіны вызвалілі, гэта не законна, так не можа быць, але каб хоць на суткі журналісты не траплялі. Таму фармуем штодзённыя зводкі для замежжа. Да 9-га напэўна будзе горача, усім калегам раім трымаць сувязь з рэдакцыяй, максімальна сябе абазначаць. Хаця ўчорашняя сітуацыя каля КДБ паказала, што як раз такі абазначаных журналістаў максімальна і затрымлівалі. Няма ўніверсальнага адказу, трэба быць максімальна асцярожнымі. Спадабалася мне ўчорашняя праца журналістаў „Еўрарадыё”. Яны зайшлі ў кавярню насупраць КДБ і вялі адтуль свой эфір. Час ад часу высоўвалі нос на вуліцу, дзе на іх вачах адбываліся затрыманні, а потым хаваліся. Супрацоўнікі кавярні дапамагалі ім, паказалі дзе іншае выйсце. Вось у такіх складаных умовах мусім выжываць для таго, каб нашы слухачы, чытачы і гледачы атрымлівалі інфармацыю. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Нарастаючы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў ціск уладаў на недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі абмеркавалі Генадзь Барбарыч і госць Рацыі Барыс Гарэцкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск