Лідара “Маладога фронту” сілавікі заблакавалі ў доме бацькі разам з братамі
Лідара “Маладога фронту” Дзяніса Урбановіча хочуць апытаць па факце здзяйснення крымінальнага злачынства. Сам актывіст знаходзіцца ў доме бацькі ў Лагойскім раёне.
Браты Урбановічы. Фота з сацыяльных сетак.
Як паведаміў праваабаронцам „Вясны” актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў, дом ачэплены супрацоўнікамі міліцыі і людьмі ў цывільным.
Пакуль вядома, што Дзяніс Урбановіч не збіраецца адчыняць ім дзверы. На ягоныя просьбы прадставіцца праваахоўнікі маўчаць.
Стала вядома, што ў доме знаходзяцца ўсе тры браты Урбановічы – Дзяніс, Арцём і Максім.
Карэспандэнту БелСАТ Урбановіч паведаміў наступнае:
«Сядзім у асадзе. Прыехалі ў цывільным – дзве машыны – і адна міліцэйская. Ачапілі, просяць выйсці на размову. Нібы нейкая крыміналка распачатая супраць нас братоў – у нас тут тры браты зараз. Нічога не кажуць. Кажуць выйдзіце паразмаўляць, даць тлумачэнні. Мы зачыніліся».
Міліцыянты перакрылі машынамі дарогу з двух бакоў. Самі яны зараз знаходзяцца ў аўто, увесь час перамаўляюцца па тэлефонах.
У 14-25 стала вядома, што тэлефоны Дзяніса і Максіма недасяжныя, але яны паспелі паведаміць што бацькаву хату пачалі ачапляць. Агулам Дзяніс налічыў 4 бусы з сілавікамі.
Дзяніс здолеў пазнаць сярод некаторых з «міліцыянтаў» цітушнікаў з Курапатаў, дзе актывісты неслі варту.
Верагодна, яны затрыманыя.
Праваабаронцы сочаць за развіццём падзей.