У Беларусі зноў зафіксаваны прырост захварэлых на COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 67.518 (+152 за апошнія суткі), памерла 548 чалавек (+5), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

За мінулыя суткі прырост інфікаваных павялічыўся — у папярэднія суткі было 115 новых выпадкаў і пяць смерцяў.

Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 61.442 пацыенты (за апошнія суткі 773). Такім чынам, вылечыўся 91% тых, хто захварэў.

Праведзена 1.278.583 тэсты на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 8.501.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку тых, хто захварэў па абласцях і Мінску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Больш як тры месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

28 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніцтвам і асабістым складам ведамстваў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС заявіў, што перахварэў на COVID-19. „Самае дзіўнае, вы сёння сустракаецеся з чалавекам, які на нагах прымудрыўся перанесці каронавірус. Такое ўчора заключэнне лекары зрабілі. Бессімптомна”, — заявіў Лукашэнка, вітаючы прысутных (відэафрагмент сустрэчы размясціў тэлеграм-канал „Пул Першага”).

Ён адзначыў, што 97% насельніцтва Беларусі „пераносіць гэтую заразу бессімптомна”. „Дзякуй богу, што мне ўдалося трапіць у гэтую кагорту бессімптомных”, — дадаў ён.

Раней Лукашэнка неаднаразова называў сітуацыю вакол каронавіруса „псіхозам”. Так, 6 чэрвеня на сустрэчы з актывам Магілёўскай вобласці ён сказаў: „У ахове здароўя вы бачыце каронавірус, які прывёў да псіхозу ўсю планету. Падкрэсліваю — да псіхозу — усю планету. Магчыма, камусьці і не падабаецца гэта, але, я думаю, пройдзе час, і вы таксама прыйдзеце да гэтага меркавання. А магчыма, у выніку нашай сённяшняй размовы вы мяне ў гэтым плане падтрымаеце. Я кажу „псіхозу”, таму што камусьці ён патрэбны. І вы, напэўна, ужо заўважылі, каму патрэбны. Як заўсёды, пасля свінячага, птушынага, атыповай пнеўманіі — гэта вось тое, што мы з вамі перажылі зусім нядаўна, — сёння чарговая пандэмія. Тая ж пнеўманія, толькі ў новым выглядзе”.

„І вы памятаеце, хто скарыстаўся гэтымі сітуацыямі, хто мільярды паклаў у кішэню. Ужо ўвесь свет сёння спыніўся. Эканоміка не проста застопарылася, перакуліцца эканоміка ўсяго свету. А вядучыя кампаніі, вядучыя мільярдэры і дзяржавы ў кішэню паклалі трыльёны долараў, — сказаў Лукашэнка. — Таму я заўсёды, яшчэ тры месяцы таму, калі вы памятаеце, задаваў вам пытанне: каму гэта трэба? Ці рукатворнае гэтае мерапрыемства — пандэмія ў ахове здароўя? Пакуль на гэтае пытанне ў мяне, спадзяюся, і ў вас, адказу няма”.

2 ліпеня падчас уручэння дзяржаўных узнагарод беларускі кіраўнік заявіў: „Мы не зніжаем градус барацьбы з каронавірусам, хоць ужо сёння можна сказаць — мы перамаглі”.

Падчас узнагароджання медыкаў у Віцебску 28 ліпеня міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік адзначыў, што з улікам імуннай праслойкі, якая сфармавалася, другая хваля пандэміі каронавіруса чакаецца не такой маштабнай. Разам з тым у адпаведнасці з рызыка-арыентаваным падыходам падрыхтоўка да яе вядзецца. „Ствараюцца неабходныя запасы сродкаў індывідуальнай абароны, у памеры месячнай патрэбы — тых, што выпускаем самі, двухмесячнай — імпартных. Фармуецца запас лекаў, абнаўляюцца клінічныя пратаколы і інфармацыйны складнік правядзення эпідрасследавання”, — цытуе кіраўніка Міністэрства аховы здароўя яго прэс-служба.

Паводле слоў Караніка, пандэмія паказала, што „дзякуючы пастаяннай пільнай увазе дзяржавы і асабіста прэзідэнта, таму, што было зроблена за апошнія дзесяцігоддзі, беларуская сістэма аховы здароўя валодае высокай стрэсаўстойлівасцю”. „Яна здольная адказваць на самыя складаныя сучасныя выклікі. І не проста адказваць — захаваць сваю працаздольнасць: ні на хвіліну ў нашай краіне не спынілася аказанне экстраннай медыцынскай дапамогі. Мы працягвалі аказваць у поўным аб’ёме спецыялізаваную медыцынскую дапамогу”, — адзначыў ён.

belapan.by

Фота: МН