У нядзелю Святлана Ціханоўская збіраецца наведаць Берасце



Гэтая інфармацыя вынікае з анонса мітынгу кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, які змешчаны ў афіцыйным Instagram-акаўнце банкіра Віктара Бабарыкі. Пасля ягонага арышту і нерэгістрацыі кандыдатам у кіраўнікі краіны, штаб банкіра аб’яднаўся са штабам Святланы Ціханоўскай.

Ад таго часу кандыдат з кожным праведзеным мітынгам пашырала сваю папулярнасць, што можна было заўважыць па колькасці ўдзельнікаў мерапрыемстваў. Берасцейцы 25 ліпеня ўжо збіралі двухтысячны пікет у яе падтрымку, але без удзелу самой прэтэндэнткі.

Пра тое чаму варта прыйсці на мерапыремства, кажа берасцейскі экалагічны актывіст і прыхільнік Святланы Ціханоўскай Андрэй Сліж:

– Па-першае, гэта салідарнасць з Сяргеем Ціханоўскім, таму што Сяргей Ціханоўскі вельмі падтрымліваў наш рух, прыязджаў да нас на нядзельнае кармленне галубоў. Ён падтрымліваў нашу ідэю. З-за таго, што яго пасадзілі, Святлана выйшла зараз кандыдатам у прэзідэнты. Мы, натуральна, як людзі адказныя за свае дзеянні, абавязаныя проста падтрымаць, бо яна з’яўляецца адзіным кандыдатам ад трох штабоў. Альтэрнатывы зараз ёй не бачна.

Берасцейскі мітынг з удзелам Святланы Ціханоўскай запланаваны на нядзелю 2 жніўня. Месца правядзення – Парк воінаў-інтэрнацыяналістаў, што ў мікрараёне Усход. Пачатак а 14:00. Мерапрыемства праходзіць у межах перадвыбарчай кампаніі.

Беларускае Радыё Рацыя