Дзяніс Івашын: Рыхтуецца спецаперацыя ў адносінах да Беларусі



Журналіст і даследчык вайсковых фармаванняў, што ваявалі на Данбасе, рэдактар беларускай службы “Інформнапалм” Дзяніс Івашын лічыць, што затрыманыя “вагнераўцы” – гэта толькі пачатак.

– Сітуацыя вельмі сур’ёзная для Беларусі. Бо затрыманне вышкаленых, прафесійных байцоў ПВК “Вагнер” сведчыць пра тое, што Расея вырашыла развязаць “беларускае пытанне”. Развязаць яго канчаткова. Вядзецца, я лічу, пра абмежаваны тэрмін гэтай спецаперацыі. Мажліва, гэта восень – максімум вясна 2021 года. “Беларускае пытанне” таксама палягае ў кантэксце вырашэння сітуацыі ва Украіне. Бо сфармавана ўжо ўдарна-наступальная лінія. Войскі адмабілізаваныя. Тэхніка вайсковая стаіць у палявых лагерах захоўвання. І гатовая ў прынцыпе да наступальных дзеянняў.

Дзяніс Івашын лічыць,  што  “баевікі”, якія засталіся на свабодзе, могуць быць у розных кропках Беларусі:

– На свабодзе пакуль яшчэ як мінімум 160 чалавек. Яны могуць быць у розных рэгіёнах Беларусі. Могуць выконваць шырокі спектр задач. То бок, гэта і правядзенне дыверсійных мерапрыемстваў, забойства грамадскіх актывістаў. З  адкрытых крыніцаў інфармацыі, якую даў КДБ Беларусі, з відэаздымкі затрымання, выявіла геалакацыя, што гэта санаторый “Беларусачка”, які належыць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Дзяніс Івашын не верыць у версію па нібыта перакідцы баевікоў у іншыя краіны з Беларусі і лічыць, што гэтыя вайскоўцы прыехалі ў Беларусь адмыслова са спецзаданнем.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня