Менскі гарадскі суд не задаволіў скаргу абаронцаў Курапатаў (абноўлена)



Менскі гарадскі суд не задаволіў скаргу абаронцаў мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты.

Абаронцы Курапатаў дабіваюцца адмены папярэдняй пастановы суда Цэнтральнага раёну Менску і новага разгляда справы. Грамадзяне патрабуюць, каб суд прымусіў Міністэрства культуры Беларусі выконваць свае абавязкі.

garavy

На здымку Марат Гаравы

„Мы не згодныя з дзеяннямі гэтага ведамства і начальніка яго ўпраўлення па ахове гістарычнай і культурнай спадчыны Ігара Чарняўскага па звужэнню межаў ахоўнай зоны Курапатаў”, – удакладніў адзін з аўтараў скаргі, журналіст і грамадскі актывіст Марат Гаравы:

У ахоўнай зоне Курапатаў былі незаконна пабудаваныя аб’екты “Бульбаш-холу”. Міністэрства культуры нічога не зрабіла, каб абараніць Курапаты. І прадпісанне Генеральнай пракуратуры не было выканана. Міністэрства культуры менавіта павінна было арганізаваць выкананне, Мала таго, Міністэрства культуры зрабіла ўсё, каб увесці ў прававое поле тое беззаконне, што каля Курапатаў тварылася. Міністэрства зацвердзіла зону напярэдадні Новага года. 

Паводле гэтага праекту, ад ахоўнай зоны Курапатаў аднялі вялікую тэрыторыю, шырынёй да 70-ці метраў, што стварае вялікія пагрозы для мемарыяла, – сказаў Марат Гаравы.

* * *

Прадстаўнікі грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” накіравалі заявы у менскі гарадскі суд і пракуратуру Рэспублікі Беларусь. Яны дамагаюцца спынення новабуду ў ахоўных зонах мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій.

A-4_5

Па словах журналіста і грамадскага актывіста Марата Гаравога, на папярэднія заявы рэакцыя ўладаў была супрацьлеглай чаканням грамадскасці. Замест пераносу незаконных пабудаваў з тэрыторыі ахоўных зонаў, яе плошчу рэзка зменшылі:

– Мы хочам, каб Генеральная пракуратура выканала сваё прадстаўленне ад 27-га лістапада 2012-га года – парушэнні заканадаўства ў Курапатах, калі там у ахоўнай зоне былі пабудаваныя аб’екты. Ім там не месца, іх не мелі права там будаваць. Мы дабіваемся таго, каб Міністэрства культуры абараняла Курапаты, а не рабіла ўсё для таго, каб там маглі адбывацца вось такія парушэнні заканадаўства. 

„Таму мы звяртаемся ў суд супраць Міністэрства культуры і начальніка ўпраўлення па ахове спадчыны Ігара Чарняўскага.

„Таму мы пішам заявы ў Генеральную пракуратру і спрабуем дабіцца прыёму ў Генеральнага пракурора”, –  сказаў Марат Гаравы, — Мы гэта рабілі, робім і будзем рабіць. Вельмі важна для грамадства бараніць свае правы на спадчыну і выконваць свой абавязак – бараніць гэтую спадчыну”.

 Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя