Хакеісты «Нёмана» з перамогі над «Гомелем» стартавалі на турніры памяці Аляксандра Дубко



Хакеісты гарадзенскага «Нёмана» паспяхова стартавалі ў хатнім турніры памяці Аляксандра Дубко. Падначаленыя Сяргея Пушкова абыгралі «Гомель» з лікам 2:1.

На 7-й хвіліне сустрэчы Ігар Варывончык вывеў на брамку «рысяў» Арцёма Ляўшу, які прымусіў капітуляваць брамніка Андрэя Грышчанку. На 17-й хвіліне Ягор Корбіт з падачы Кірылы Куцыра зраўняў лік дакладным кідком – 1:1. У другой трэці паядынку гарадзенцы перахапілі ініцыятыву. Пасля выдалення Алега Качалоўскага сваю каманду наперад вывеў Эдуард Насыбулін. У заключнай трэці матчу гамяльчане зноў узмацнілі націск, але лік застаўся ранейшым. У другім матчы «Юнацтва-Менск» абыграла хакеістаў «Ліды». Сустрэча завяршылася на карысць сталічных хакеістаў з лікам 4:1. Паядынак праходзіў з татальным перавагай шматразовых чэмпіёнаў Беларусі. Аднак да перапынку «Юнацтва» змагла вызначыцца толькі аднойчы. Лік далёкім кідком адкрыў Павел Казакевіч. У другім перыядзе малюнак гульні захаваўся, і на 32-й хвіліне сустрэчы ўмацаваў перавагу шматразовых чэмпіёнаў Беларусі Дзяніс Мінгалееў.

Не паспеў пачацца трэці адрэзак сустрэчы, як Кірыл Цюцяеў закінуў трэцюю шайбу ў брамку «Ліды». Аднак на гэтым менчукі не спыніліся. На 50-й хвіліне Усевалад Кашкар у падзенні закінуў чацвёртую шайбу сваёй дружыны. Варта адзначыць, што «рыцары» не склалі рукі. Шайбу прэстыжу на свой рахунак запісаў Павел Маршчэнок, які ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы.

Нікола Анціч стаў аўтарам лепшага гола 19-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі

Нікола Анціч з салігорскага «Шахцёра» стаў аўтарам самага прыгожага гола 19-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У пераможным хатнім паядынку са «Смалявічамі», які яго каманда выйграла 4:0, 26-гадовы сербскі абаронца гарнякоў адкрыў лік эфектным ударам з кута штрафной плошчы, і па выніках традыцыйнага галасавання заўзятараў апынуўся лепшым у мінулым туры. Лепшым гульцом 19-га тура быў прызнаны дасведчаны паўабаронца барысаўскага БАТЭ Ігар Стасевіч.

Вызначыліся пераможцы чэмпіянату Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ на 1000 м

На другі дзень чэмпіянату Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ завяршылі заезды на дыстанцыі 1000 м. Сталі вядомыя пераможцы ў стартах мужчынскіх і жаночых байдарак-адзіночак, а таксама каноэ-двоек у мужчын. Вырашальны заезд жаночых байдарак-адзіночак стаў бенефісам Аліны Неўмяржыцкай з Гомельскай вобласці. Вынік у 4 хвіліны 31,951 секунды дазволіў ёй абысці прадстаўніцу Віцебшчыны Марыю Каваленку амаль на 6 секунд. У стартах мужчынскіх байдарак-адзіночак першынстваваў Алег Юрэня з Гарадзенскай вобласці – 3 хвіліны 45,469 секунды. Яго прынцыповы супернік Павел Мядзведзеў з Гомельскай вобласці фінішаваў другім – 3 хвіліны 48,329 сек. Трэцяе месца заняў прадстаўнік Берасцейшчыны Уладзіслаў Кравец – 3 хвіліны 50,224 сек. У заключным фінальным заездзе другога дня чэмпіянату краіны спаборнічалі экіпажы мужчынскіх каноэ-двоек. У гэтай спрэчцы найбольш пераканаўча выглядалі менчукі Максім Крысько і Іван Патапенка, якія завяршылі вырашальны старт з часам 4 хвіліны 05,039 секунды. Другое месца ў дуэта, які прадстаўляў Гарадзенскую і Магілёўскую вобласці, Мікіты Рудзевіча і Віталя Асецкага. Бронзу выйграў яшчэ адзін змешаны экіпаж, складзены з весляроў Гомельшчыны і Магілёўшчыны Дзяніса Патапенкі і Максіма Пятрова.

Краўчэня і Савіна перамаглі ў спаборніцтвах у бегу на 10 кіламетраў у Менску

Сяргей Краўчэня і Ніна Савіна перамаглі ў спаборніцтвах у бегу на 10 тысяч метраў, якія прайшлі ў сталічным РЦАП па лёгкай атлетыцы. Спаборніцтвы адбыліся ў рамках чэмпіянату Беларусі па лёгкай атлетыцы. Сяргей Краўчэня пераадолеў дыстанцыю за 29 хвілін 20,86 секунды і стаў пераможцам турніру. Другім перасёк фінішную рысу Сцяпан Рагаўцоў. Замкнуў тройку наймацнейшых Уладзіслаў Прамаў. У жаночым забегу на 10000 м перамагла Ніна Савіна – 33 хвіліны 17,53 секунды. Другі радок выніковага пратаколу заняла Святлана Кудзеліч. Бронзавую ўзнагароду заваявала Кацярына Карняенка.

Стаў вядомы расклад матчаў моладзевай жаночай зборнай Беларусі на чэмпіянаце Еўропы па валейболе

Турнір пройдзе ў Босніі і Герцагавіне і Харватыі 22-30 жніўня. Падначаленыя Вольгі Пальчэўскай і Барыса Каляды, якія трапілі ў Групу I, адкрыюць спаборніцтвы 22 жніўня матчам супраць дружыны Італіі. Затым валейбалісткі з Беларусі будуць змагацца з дружынамі Сербіі, Славакіі, Польшчы і завершаць групавы турнір 27 жніўня матчам з камандай Босніі і Герцагавіны.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота:  belta.by