Уладзімір Лабковіч: У адсутнасці назіральнікаў АБСЕ віна ўладаў



Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі прэзідэнцкія выбары пройдуць без назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ.

Мажлівасці нацыянальных незалежных назіральнікаў ЦВК рэзка абмежаваў.

Агульную сітуацыю ацаніў каардынатар кампаніі па назіранні „Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч:

– Гэтыя выбары вельмі беспрэцэдэнтныя. Наша кампанія дзейнічае ўжо з 2008 года, і нам ёсць з чым параўноўваць. Настолькі бруднай, цяжкай кампаніі не было ніколі. Не прыезд назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ – гэта, канешне ж, віна беларускіх уладаў. Яны гэта загадзя планавалі, яны не выканалі нават базавых умоваў, якія яны выконвалі раней. І таму яны зрабілі ўсё для таго, каб місія не прыехала. Таксама як зараз яны робяць усё на ўзроўні Міністэрства замежных спраў, фактычна сабатуючы акрэдытацыю міжнародных журналістаў у Беларусі на час выбараў.

У Беларусі ўжо маюцца некалькі платформаў незалежнага назірання за выбарамі, якія мусяць наладзіць кааперацыю і дыстанцыйную супрацу з АБСЕ па выніках выбараў.

Беларускае Радыё Рацыя