Агляд прэсы
Вагнераўцы ў Беларусі, гістарычнае рашэнне ўраду Зімбабвэ пра вяртанне земляў. Разбіраем, што напярэдадні напісала сусветная прэса. У традыцыйным аглядзе замежнай прэсы ад Кастуся Багушэвіча.
ПС: Урад Зімбабвэ падпісаў гістарычнае пагадненне аб выплаце кампенсацый ў 3,5 млрд даляраў фермерам, у якіх у ходзе паскоранай зямельнай рэформы адабралі зямлю. Роўна 20 гадоў таму прэзідэнт Мугабэ скамандаваў сваім падначаленым „аднавіць гістарычную справядлівасць” і вярнуць зямлю. На працягу года узброеныя банды сілай займалі фермы белых зімбабвійцаў і прыхільнікаў апазіцыі. Радыкальны і непрадуманы перадзел зямлі павярнуўся катастрофай для Зімбабвэ. Краіна, што была жытніцай Афрыкі, ужо праз тры гады пасля зямельнай рэформы стала залежаць ад замежнай харчовай дапамогі, піша публіцыстычны канал „Вялікі трэк”, які займаецца афрыканскай праблематыкай. Санкцыі супраць рэжыму Мугабэ, уцёкі капіталаў і людзей, інфляцыя і развал эканомікі зрабілі гэтую некалі адну з самых развітых і багатых краін Афрыкі адной з найбяднейшых дзяржаў свету. Сёння, Зімбабвэ пасля нядоўгачасовага росту, зноў знаходзіцца ў вельмі цяжкім становішчы. Бюджэт краіны мае востры валютны дэфіцыт, а ў нядаўна надрукаваныя зімбабвійскія даляры ніхто не верыць. Амаль палова насельніцтва краіны галадае, у краіне востры дэфіцыт электраэнергіі і паліва, электрычнасць для большасці насельніцтва даступна толькі з 22-й ночы да 4-й раніцы, а каб заправіць машыну трэба адстаяць у чарзе некалькі гадзін. Беспрацоўе ў фармальным сектары эканомікі набліжаецца да 90%, не працуюць многія бальніцы, адукацыйныя ўстановы і іншыя дзяржаўныя службы. У гэтых умовах у Зімбабвэ, відавочна, няма сродкаў для грашовай кампенсацыі, тым больш агучаная сума ў 3,5 млрд даляраў складае амаль 20% валавага ўнутранага прадукту. Кампенсацыя будзе праводзіцца іншым шляхам, белыя фермеры і прыхільнікі апазіцыі, чые фермы былі канфіскаваныя 20 гадоў таму, атрымалі, у першую чаргу, права на зямельную кампенсацыю. Аднак наўрад ці варта чакаць, што выгнаныя з краіны белыя зімбабвійцы, якіх каля 4,5 тысяч і якія пасля вымушанай эміграцыі пераважна пражываюць у ЗША, Вялікабрытаніі і Аўстраліі вырашаць вярнуцца ў Зімбабвэ. Таму заяву ўрада хутчэй варта разглядаць як дэкларатыўны жэст, які ў першую чаргу будзе карысны ў дыялогу з ЗША з патрабаваннем зняць санкцыі, уведзеныя ў 2001 годзе з прычыны парушэння правоў прыватнай уласнасці і недэмакратычных практык. Санкцыі ЗША ў дачыненні да Зімбабвэ абмяжоўваюць магчымасць краіны супрацоўнічаць з міжнароднымі банкамі развіцця.
Што пра наймітаў „Вагнера” пішуць у польскіх СМІ? Аўтарытэтная Wyborcza пяром Вацлава Радзівіновіча піша: Андрэй Раўкоў, сакратар Рады бяспекі Беларусі, мяркуе, што наймітаў не менш за 200, і расейцы рыхтуюцца да новых груп дыверсантаў, іх задача — ажыццявіць тэракты, правакуючы беспарадкі і, як вынік, прывесці да рэвалюцыі. Сюжэт, аднак, выглядае як дрэнна падрыхтаваная правакацыя з боку Бацькі — менавіта так Лукашэнку называе аўтар артыкула. Цяжка паверыць у дыверсантаў, якія прыязджаюць у чужую краіну на акцыю адразу ўсім узводам у ваеннай вопратцы і жывуць практычна на адным месцы. Лукашэнка, які не ўпершыню сутыкнуўся з праблемамі, зноў дастае з рукавоў карту нібыта замежнага ўварвання ў Беларусь. Тры гады таму, калі хваля пратэстаў з-за падатку на беспрацоўных пайшла высока, ён таксама знайшоў і загадаў арыштаваць некалькі дзясяткаў узброеных «партызан», навучаных у Летуве і Польшчы. сітуацыя супакоілася, „дыверсантаў” спакойна адпусцілі з турмаў, ніхто з іх не быў прыцягнуты да суду. На гэты раз прэзідэнт загадзя абвясціў, што краіна будзе атакавана. 24 ліпеня, яшчэ да таго, як 32 вагнераўцы прыехалі ў Менск, Лукашэнка, наведваючы 5-ю брыгаду спецназа, абвясціў: – Усе войны пачынаюцца з дэманстрацый, Майдану. Іх будуць прысылаць з-за мяжы. Гэта прафесійныя вайскоўцы, бандыты, якіх рыхтуюць у асноўным у прыватных ваенных кампаніях. Цэнтральная выбарчая камісія ў чацвер сабрала ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты, акрамя Лукашэнкі. Ім паведамілі, што пад Псковам рыхтуюцца дыверсійныя групы, сітуацыя небяспечная, таму ўлады ўводзяць новыя „меры бяспекі” на мітынгах і дэманстрацыях на выбарах.
„- Масква не ўмешваецца ў нашы выбары. Таму што яна верыць, што Лукашэнка пераможа і хоча, каб ён перамог. Хоць яна аддае перавагу варыянту, пры якім Лукашэнка пакіне гэтую гульню аслабленым, і тады ён будзе больш гатовым пайсці на саступкі Крамлю і нават інтэграваць краіну з Расеяй, – сказаў беларускі палітолаг Валер Карбалевіч у інтэрв’ю «Выбарчай» і адзначыў, што Пуцін вельмі негатыўна ставіцца да любой рэвалюцыі.
– Калі пасля выбараў у Беларусі адбудуцца беспарадкі і сутычкі, а ўлады адкажуць рэпрэсіямі, Крэмль стане на бок Лукашэнкі. Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава ўжо абвінаваціла Захад ва ўмяшанні ў беларускія выбары за тое, што ён крытыкуе рэпрэсіі супраць апазіцыянераў. Лукашэнка можа быць упэўнены, што Расея будзе стаяць за ім, калі, напрыклад, Рада Бяспекі ААН захоча асудзіць Беларусь за парушэнне правоў чалавека і накласці вета на такі закон, прагназуе эксперт.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.
Беларускае Радыё Рацыя