Шуміліна: Ціханоўскую – на прэзідэнта, Якушкова – старшынём райвыканкама!



Віцебскія прыхільнікі Святланы Ціханоўскай на чале з даверанай асобай Таццянай Севярынец правялі чарговую агітацыйную сустрэчу – у райцэнтры Шуміліна. На яе сабраліся каля 200 чалавек. Хаця мясцовае начальства зрабіла ўсё, каб людзей на сустрэчы не было – прыгразіла работнікам звальненнем, распавяла адна з мясцовых жыхарак:

-Усё Шуміліна ведае, што сёння мітынг. Таму што начальства ўсіх спавясціла. Яны свае цёмныя справы робяць таемна, афіцыйных загадаў не было. Яны нас проста палохаюць, і гэта так мярзотна! З гэтым нельга мірыцца. І вы прыйшлі, чэснае слова, я нават не думала!

Аляксандр Якушкоў, Раіса Шпакава і Таццяна Севярынец

Пікет праходзіў на канцэртнай пляцоўцы каля дзіцячага парка. Людзі адразу адгукаліся на лозунгі “Верым, можам, пераможам”, якія скандавалі прыхільнікі Святланы Ціханоўскай. Адзін з віцебскіх валанцёраў, былы вайсковец Аляксандр Якушкоў, які служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння і працаваў выкладчыкам вайсковай вучэльні. Яго некалькі разоў кідалі за краты падчас гэтай выбарчай кампаніі, але ён звярнуўся да шумілінцаў з заклікам не баяцца абіраць лепшае жыццё. І атрымаў нечаканую прапанову ад мясцовай жыхаркі Раісы Шпакавай:

-Мне вельмі спадабаўся гэты мужчына, былы вайсковец. І я сёння хачу прапанаваць, каб выбралі яго старшынём райвыканкама! Бо ў нас начальства мяняецца, а мя жывём з кожным годам усё горш і грош! Жыхары Шуміліншчыны, ці падтрымліваеце маю прапанову?

Аляксандр Якушкоў падзякаваў за давер. На ягоную думку, гэта наяўная сістэма кіравання давяла людзей да таго, што яны гатовыя прапанаваць уладу ў раёне хоць каму, абы не дзяржаўным прызначэнцам. Ён пэўны, што пры новай дзяржаўнай уладзе людзі атрымаюць большую самастойнасць і свабоду, і кіраваць на месцах будуць сапраўдныя адмыслоўцы, здольныя палепшыць жыццё ў рэгіёнах.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск