Лёсаванне валейбольных еўракубкаў адбудзецца 21 жніўня ў Люксембургу
Лёсаванне валейбольных еўракубкаў адбудзецца 21 жніўня ў Люксембургу. Менскі „Будаўнік” і салігорскі „Шахцёр” пачнуць выступ у мужчынскай Лізе чэмпіёнаў. „Мінчанка” прыме ўдзел у аналагічным турніры сярод жанчын. Усе тры каманды пачнуць выступ на еўракубкавай арэне з кваліфікацыйнай стадыі розыгрышу трафеяў, які стартуе 22 верасня. Каманды, якія не прайшлі кваліфікацыйную стадыю спаборніцтваў, будуць пераведзеныя ў Кубак ЕКВ. Астатнія прымуць удзел у групавым этапе Лігі чэмпіёнаў, які пачнецца 10 лістапада.
Максім Валадзько пакінуў тульскі „Арсенал”
Беларускі абаронца Максім Валадзько пакінуў тульскі „Арсенал”. „Скончыўся тэрмін кантракту 27-гадовага абаронцы з ПФК „Арсенал”. Беларускі футбаліст падпісаў пагадненне са „збройнікамі” зімой 2019 года. На яго рахунку 6 матчаў у футболцы тульскага клуба. „Арсенал”дзякуе Максіму Валадзько за прафесійнае стаўленне да футболу і жадае здароўя і паспяховага працягу кар’еры!” – гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага сайта „Арсенала”.
„Мяшкоў Брэст”: спарынгі з ЦСКА і „Азотамі” адменены
Спарынгі „Мяшкоў Брэст” з ЦСКА і „Азотамі” адменены. Планавалася, што 5 жніўня „Мяшкоў Брэст” згуляе хатні спарынг з маскоўскім ЦСКА, а 7-8 жніўня сустрэнецца у Пулавах з „Азотамі”. Аднак у сувязі з адсутнасцю транспартных зносін паміж Расеяй і Беларуссю армейцы не змогуць прыехаць у Берасце. Таксама па-ранейшаму застаюцца зачыненымі знешнія межы Еўразвяза, а гэта значыць, што ў берасцейскай каманды няма магчымасці адправіцца ў Польшчу.
Ілля Івашка правёў першы матч за 146 дзён
Беларускі тэнісіст Ілля Івашка (138 АТП) перамог іспанца Хайме Кальдэса (1481) у рамках выставачнага грунтавога турніру ў Барселоне – 4:6, 6:1, 6:4. Гэта быў першы матч для Іллі за 146 дзён. Папярэдні раз ён выходзіў на корт 6 сакавіка.
Хакеісты менскага „Дынама” згулялі з аднаклубнікамі з Маладзечна
Хакеісты менскага „Дынама” згулялі з аднаклубнікамі з Маладзечна ў першым перадсезонным матчы. Асноўны час паядынку завяршыўся на карысць падапечных Крэйга Вудкрафта – 6:4 (2:2, 3:1, 1:1).
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: lokovolley.com