У Берасцейскай крэпасці паўстане расейскі ваенна-патрыятычны цэнтр
Намер аб будаўніцтве гатэлю “Ветэран” і стварэнню “моладзевага ваенна-патрыятычнага цэнтру” ў Берасцейскай крэпасці анансаваў расейскі фонд “Абаронцаў Неўскага плацдарму”. Публікацыя гэтай інфармацыі на шэрагу гарадскіх парталаў выклікала рэзананс сярод чытачоў. Сваю заклапочанасць адносна гэтага праекту выказвае і прадстаўнік Руху „За Свабоду” Дзяніс Турчаняк:
– Гэтыя словы ўзятыя з іх сайта. Цэнтр ствараецца як база для штодзённай, падкрэсліваю, ваенна-патрыятычнай працы з моладдзю. Пужае ў сённяшняй сітуацыі слова “ваеннай”. Таму што вайна ідзе ва Украіне, вайна не ўкраінцаў з украінцамі, а ўкраінцай з нейкімі “зялёнымі чалавечкамі”. Таму ваенныя цэнтры на мяжы з Еўразвязам могуць рэальна ўскладніць жыццё беларусам.
Па словах Дзяніса Турчаняка, удалося даведацца пра тое, што на праект плануюць выдзяліць каля дзвух з паловай мільёнаў даляраў. Пасля розгаласу ў берасцейскіх інтэрнэт-выданнях, сайт фонду перастаў функцыянаваць і гэты факт пакідае больш пытанняў, чым дае адказаў, – зазначыў грамадскі дзеяч.
Беларускае Радыё Рацыя