„Нёман” адолеў менскае „Дынама”
Футбалісты гарадзенскага „Нёману” у чарговым паядынку чэмпіянату краіны перамаглі на сваім полі менскае „Дынама” – 1:0. Тым самым каманда Ігара Кавалевіча ўзяла рэванш за прыкрую паразу ад суперніка ў першым крузе.
Менскае „Дынама” перад матчам ішло на чацвёртым месцы і было галоўным пераследнікам гарадзенцаў. Таму змаганне ў канкрэтным матчы ішло, як гаворыцца, „за шэсць ачкоў”. Цягам паядынку гаспадары поля пераўзышлі дынамаўцаў у фізічнай і тактычнай барацьбе. Зладжаны калектыўны адбор мяча – гэта галоўны козыр нёманцаў, у гэтым матчы ён таксама выявіўся.
Сербскі абаронец „Нёмана” Даніэл Стойкавіч, фота ФК „Нёман”
Адзінага голавага поспеху гарадзенцы дасягнулі на 48-й хвіліне сустрэчы – капітан Валерый Жукоўскі падаваў корнер, пасля мяч адскочыў да Артура Слабашэвіча, які навесіў у штрафную, а абаронца Даніэл Стойкавіч галавой неадхільна прабіў у сетку. Пасля гэтага госці маглі прапусціць яшчэ. Але ў самай канцоўцы, у даданы час, ужо гарадзенцаў выратаваў брамнік Дзмітрый Дудар, які ўжо каторы матч застаецца непрабівальным.
„Нёман” набраў 37 ачкоў і параўняўся з БАТЭ. Больш – 40 – толькі ў салігорскага „Шахцёра”, але ён і згуляў на адзін матч болей, чым непасрэдныя канкурэнты.
У наступным туры, 8 жніўня, нёманцы паедуць у Менск, дзе пазмагаюцца з футбалістамі РЦАРу. Ну а потым будуць прымаць у Гародні БАТЭ. Барацьба за медалі чэмпіянату ў самым разгары.
Беларускае Радыё Рацыя