Мастацкія інтэграцыі „Пэрэточэ 2020” у Белавежы
У Белавежы прайшлі васямнаццатыя Белавежскія мастацкія інтэграцыі „Пэрэточэ 2020”. Гэтае мерапрыемства традыцыйна прэзентуе культуру народаў, якія жывуць ці калісьці пражывалі ў ваколіцах Белавежскай пушчы. Сярод выступоўцаў было шмат беларускіх гуртоў, хаця гэтым разам з-за пандэміі не змаглі даехаць калектывы з Беларусі.
„Пэрэточэ” – гэта найстарэйшае мерапрыемства на Падляшшы, якое ілюструе шматкультурнасць гэтага рэгіёну, кажа арганізатар, Мікалай Бушка:
– Мы заўсёды падкрэсліваем, што цыганы, як габрэі, як палякі, як расейцы, як украінцы, як татары ці немцы, унеслі свой уклад і пакінулі нешта ў нашай культуры, у нашым фальклоры. Мы ўсё гэта прадстаўляем у рамках „Пэрэточэ”. Гэта адбываецца ў Белавежы, на культавай сцэне, вельмі сімпатычная публіка. Гэта адзіны выпадак, калі ў адзін вечар можна сустрэцца з тым, што так шмат гадоў называем шматкультурнасць народа.
Арганізатарам мерапрыемства выступае Фонд „Царкоўная музыка” у Гайнаўцы ў супрацы з Белавежскім асяродкам культуры ў Белавежы ды Белавежскім нацыянальным паркам.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя