Дзікунства і ізаляцыя краіны не патрэбныя нікому
Зараз, напярэдадні 9 жніўня, беларуская інтэрнэт-прастора бурліць дыскусіямі наконт тых падзей, што разгортваюцца ў Беларусі і вакол яе. Сваім бачаннем сітуацыі з чытачамі сайту Беларускага Радыё Рацыя дзеліцца публіцыст Віталь Станішэўскі:
Расея пра нашы выбары маўчыць. Замоўк Кісялёў, замоўк Рэгнум. І калі раней яны пісалі, што Лукашэнка знюхаўся з Пазняком, а таксама з усімі русафобамі, і, у прыватнасці, з Symbal.by, то цяпер пра гэта яны маўчок. А самае цікавае, што яны забылі пра небяспеку Лукашэнку ад праклятых Еўропы і Амерыкі, пра змову Макея. Маўчаць, іх гэта не цікавіць, маўляў, унутраныя справы народа.
Вось бы цяпер узяць і вольна выдыхнуць. Бо Расея ўмешваецца ва справы ўсіх, акрамя нашых. Самалёт с польскай элітай узарвала, MH17 падбіла, Грузію расчляніла, Крым адціснула, Данбас акупавала, Прыднястроўе заняла. А Беларусь… якая Беларусь? Нацыянальныя інтарэсы ў Расеі ёсць ва ўсім былым СССР, больш таго, паводле Пуціна, у Расеі няма меж, але Беларусь – гэта святая Шамбала, яе нельга чапаць. Нават на Новы Год!
Я б паверыў у гэту ідылію, што ніякая Масква да нас не лезе, бо яна сама так кажа. Я б прызнаў, што расейцы ўбачылі ў нас годны і вялікі народ, з якімі яны могуць размаўляць на роўных, вывучаючы і ўшаноўваючы беларускую мову, культуру і гісторыю, не адносячы яе да палякаў, да літоўцаў або да сябе. Але не магу, бо бачу хлусню. Яны не верылі, што беларусы маглі змагацца за свой лёс самастойна. Падчас ранейшых масавых закалотаў яны заўжды спісвалі іх на Захад. Цяперашняе маўчанне – падступная “цішыня ў эфіры”.
І калі зараз “новая хваля” разганяе ролікі, дзе заклікае паступіць з Лукашэнкам, як з Кадафі, Хусейнам ці Мілошавічам, я дзіўлюся. Гэта прыклады амерыканскага ўмяшання ў справы адпаведных краін. Расейскія СМІ заўжды гэта акцэнтавалі і асуджалі. Расея, якая ўвесь час крычала пра пагрозу ЗША, зараз ігнаруе “праамерыканскі” наратыў са спасылкамі на Кадафі, Хусейна, Мілошавіча.
Расея заўжды бачыла ва ўкраінскіх майданах амерыканскі след, яна разумее, як дзейнічаюць гэтыя тэхналогіі. Ёй было непрымальна, што нехта можа залезці на Украіну як на сваю дзялянку, акрамя Расеі. І Расея палезла са свайго боку дзеля контрудару.
І вось цяпер у Беларусі пасля дзясяткаў гадоў разлажэння і заняпаду апазіцыі цудам арганізуецца нешта, супастаўнае з майданам, і Расея такая: а гэта яно само, гэта братні народ самаарганізаваўся. Дык мо гэта амерыканцы хочуць захапіць сферу інтарэсаў Расеі, каб падагнаць танкі пад Смаленск? А Расея такая: не-не, гэта народ. Хусейн, Кадафі, Мілошавіч? – Дык чорт з імі, і пры чым тут тое, што мы ў Сірыі за Асада ваюем, а ў Сербіі нашы БМП аэрапорт абаранялі?
Усё разумею. Прыкідванне шлангам, уключэнне дурня, па-воўчы жыць… Амерыканцы прыкідваліся, то чаму б і не расейцам…
Спакой расейцаў наконт высокай імавернасці змены ўлады ў іх зоне інтарэсаў ва ўмовах супрацьстаяння геапалітычных полюсаў сведчыць пра адно. У гэтай змене ўдзельнічае іх полюс.
А тры дамы… Не ведаю, ці разумеюць, у чым удзельнічаюць. Ці бачылі яны відэа забойства Кадафі, ці чулі яго крыкі? Зараз іх прыхільнікі з каменем-нажніцамі-сэрцам на аватары перапошчваюць і лайкаюць відэа з заклікам расправіцца з Лукашэнкам, як з Кадафі. Зараз нанятыя на кампанію журналісты выразаюць з выступлення Л. словы пра барадачоў і пакідаюць словы пра кулямёт і, вядома, не даюць даведкі, што ў інспіраваным Расеяй пабоішчы дэманстранты разрабоўвалі вайсковыя часці і выпускалі зэкаў, каб зэкі з гэтай зброяй ішлі на паліцыю. У трох дам ёсць разуменне таго, што яны распальваюць гвалт, яны гатовыя сніць крывавыя сны і плакаць аб тым, да чаго прычыніліся?
Можа і не быць, як у Лівіі. Можа быць, як у інцыдэнце з вывядзеннем натоўпу палесцінцаў да ізраільскай мяжы. Дзеля правакацыі, каб аслабіць імідж малога і заціснутага Ізраіля ў свеце. Ізраільцяне стралялі, у прэсе быў шум, але потым было і абвяржэнне з дэманстрацыяй канкрэтных узброеных тэрарыстаў з базы даных, па якіх вёўся агонь.
Але ў Беларусі не было такіх дэманстрацый, калі б прымянялася зброя, не стралялі нават у паветра. Адзіныя, хто можа прычыніцца да гэтага, – гэта новая хваля, якая заклікае паўтарыць, як з Кадафі, якая загадзя ў дзясятках фармулёвак рыхтуе людзей да таго, што чамусьці ўпершыню за 26 гадоў Лукашэнка будзе страляць і паставіць сябе пад рызыку санкцый і пераследу. Гэтая “новая хваля” вешае ружжо ў першым акце, і бліжэй да апошняга акта лічыць смешным прысутнасць у краіне вагнераўцаў, якія без гарэлкі заблукалі на 4 дні па дарозе ў аэрапорт.
Тры дамы адказваюць за паводзіны сваіх адэптаў і мусяць недвухсэнсоўна і кожная ад свайго імя выказацца з заклікам да бяскроўнага вырашэння пытанняў. Смерці і страты не патрэбныя нікому. Дзікунства і ізаляцыя краіны не патрэбныя нікому. Рэвалюцыі бываюць і аксамітныя.
Людзі добрай волі – творцы, мастакі, вучоныя, святары і г.д. – калі ласка, падтрымайце гэты заклік.
Віталь Станішэўскі