На Лукашэнку працуе адміністрацыйны рэсурс
Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» па выніках тыднёвага назірання за выбарчай кампаніяй заявіла пра шматлікія парушэнні заканадаўства.
Праваабаронцы сведчаць, што перадвыбарчая агітацыя ідзе ў няроўных умовах. У падтрымку кандыдата Аляксандра Лукашэнкі задзейнічаныя адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурсы вертыкалі ўлады, праўладных арганізацый і СМІ.
У рэгіёнах арганізуюцца сустрэчы давераных асобаў дзейнага кіраўніка і прадстаўнікоў улады розных узроўняў з працоўнымі калектывамі. Інфармацыя пра іх не даецца ў выбарчыя камісіі і ў адкрыты доступ, на некаторыя сустрэчы не пускаюць журналістаў, забараняюць фатаграфаваць.
Мітынгі асноўнага суперніка – Святланы Ціханоўскай – адбываюцца пад пільнай увагай праваахоўных органаў, а ў рэгіёнах чыняцца перашкоды з боку ўладных структураў.
Святлана Ціханоўская і прадстаўніцы аб’яднанага штабу Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава збіраюць шматтысячныя сустрэчы і ў розных гарадах.
Паводле аналітыкаў кампаніі, перадвыбарчая агітацыя ўзняла ў грамадстве хвалю энтузіязму і здолела кансалідаваць пэўнае электаральнае поле.
Беларускае Радыё Рацыя