Танкер з азербайджанскай нафтай для Беларусі прыбудзе ў порт Адэсы 4-5 жніўня



Чарговы танкер нафты ад дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азербайджана SOCAR для Беларусі прыбудзе ў порт Адэсы 4-5 жніўня, паведаміў журналістам прэс-сакратар канцэрна „Белнафтахім” Аляксандр Цішчанка.

„2 жніўня з Супсы (порт у Грузіі. – Заўвага БЕЛТА) выйшаў танкер з 85 тыс. т азербайджанскай нафты. Прыбыццё ў порт Паўднёвы чакаецца 4-5 жніўня”, – паведаміў Аляксандр Цішчанка.

SOCAR у гэтым годзе паставіла беларускаму канцэрну „Белнафтахім” пяць партый нафты агульным аб’ёмам каля 420 тыс. т праз порт Адэсы і нафтаправод Адэса – Броды на Мазырскі НПЗ. Старшыня канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў паведамляў, што SOCAR у бягучым годзе можа паставіць у Беларусь да 1 млн т нафты.

Як паведамлялася, у жніўні Беларусь таксама павінна атрымаць другую партыю нафты з ЗША. Танкер з 80 тыс. т нафты сорту White Eagle Blend чакаюць у Клайпедзе 6-8 жніўня. З Клайпеды на нафтаперапрацоўчы завод „Нафтан” дастаўка будзе весціся чыгуначным транспартам.

belta.by

Photo: SOCAR