Штаб Ціханоўскай адмяніў агітацыйны пікет у Стоўбцах з-за земляных работ
Штаб кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай адмяніў запланаваны сёння ў 18 гадзін агітацыйны пікет у Стоўбцах. Прычынай сталі экстранныя земляныя работы каля ўваходу на стадыён „Юнацтва”, дзе павінна было прайсці мерапрыемства, паведамляе тэлеграм-канал „Краіна для жыцця”. У якасці доказу быў размешчаны відэазапіс з месца падзей.
Акрамя таго, „ёсць асцярогі, што рыхтуюцца затрыманні”.
Пікет збіраліся арганізаваць давераныя асобы Ціханоўскай. 4 жніўня яна плануе наведаць Слуцк і Салігорск. На 6 жніўня запланаваны новы вялікі мітынг у менскім парку Дружбы Народаў.
Напярэдадні вечарам Ціханоўская не змагла прыехаць на мітынг у Бярозу (Берасцейская вобласць) з-за паведамлення аб магчымых правакацыях, аднак яна паразмаўляла з прысутнымі па гучнай тэлефоннай сувязі.