Праваабаронцы: У Беларусі працягваюцца затрыманні і суды над актывістамі



У Беларусі працягваецца пераслед апазіцыйных актывістаў, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Адзначаецца, што некаторых затрымліваюць і адпраўляюць у ізалятары для адбыцця раней прызначаных арыштаў, над іншымі праходзяць суды па адміністрацыйных справах.

У Мінску 2 жніўня на выхадзе з парку Грэкавай затрымалі актывіста „Народнай грамады”, давераную асобу кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Валянціна Троцкага. Яго даставілі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Вядома, што ў актывіста засталося 15 „не адседжаных” сутак арышту, таму з вялікай верагоднасцю ён будзе іх адбываць, лічаць праваабаронцы.

Таксама spring96.org стала вядома пра затрыманне паэта Анатоля Кудласевіча, якому раней прысудзілі 10 сутак арышту. „Ён знік, калі гуляў у двары з сабакам. На наступны дзень яго сваякам пацвердзілі, што ён знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Аналагічная сітуацыя адбылася з актывістам Андрэем Шыпуліным, у якога засталіся не адбытымі 10 сутак арышту. Яго таксама затрымалі падчас прагулкі з сабакам.

За расклейку плакатаў вечарам 2 жніўня быў затрыманы Андрэй Клінцоў. Яго даставілі ва УУС Першамайскага раёна і не адпусцілі.

1 жніўня за расклейку стыкераў з выявай міліцыянераў быў затрыманы Леанід Скуратовіч. Ён знаходзіцца ў ЦІП да суда.

Днём 3 жніўня затрымалі веласіпедыста Сяргея Бялевіча, які клеіў агітацыйны плакат на стэнд „Выбары”. Яго павезлі ва УУС Першамайскага раёна.

У Магілёве для адбыцця 15 сутак арышту за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі затрымалі актывіста Станіслава Паўлінковіча.

У Мастах (Гродзенская вобласць) у дачыненні да рэгіянальнага каардынатара ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Аляксандра Мілюка складзены пратакол правапарушэння па арт 17.1 КоАП (дробнае хуліганства). Акрамя таго, раней на Мілюка паступіла заява аб абразе міліцыі ў інтэрнэце.

У Светлагорску (Гомельская вобласць) сёння адбыліся суды над затрыманымі 1 жніўня Юліяй Дудко і Арцёмам Данілавым, якія ў той дзень прыйшлі ў РАУС даведацца пра лёс затрыманых тры дні таму іх сяброў. „Дудко ставілі ў віну парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства (артыкул 23.34 КоАП) , гэта значыць за ўдзел у велапрабегах салідарнасці. У чым абвінавачвалі Данілава, невядома. Суды прайшлі ў РАУС. Дудко далі 10 сутак арышту. Данілаў, верагодна, атрымаў 15 сутак”, — гаворыцца ў паведамленні spring96.org.

У Хойніках (Гомельская вобласць) 3 жніўня судзілі затрыманага механізатара Яўгена Васількова, аўтара Youtube-канала „Хойнікі для жыцця”. Ён вядомы эмацыйнымі выказваннямі аб выбарах і ўдзеле ў іх настаўнікаў. Блогера арыштавалі на 10 сутак за непадпарадкаванне міліцыі.

Таксама на сёння былі прызначаныя суды яшчэ ў некалькіх гарадах. У Віцебску планаваўся разгляд адміністрацыйнай справы ўдзельніцы велапрабегаў салідарнасці Вольгі Бабінскай. Жанчыну затрымалі ўвечары 31 ліпеня і пакінулі на выхадныя ў ізалятары. У Кобрыне павінен адбыцца суд над затрыманымі 31 ліпеня Уладзімірам Нікульшыным і Алегам Барысюком (каардынатар ініцыятыўнай групы Валерыя Цапкалы). Барысюка павінны судзіць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КоАП). У Вілейцы (Мінская вобласць) прызначаны суд над актывістам Андрэем Кудзікам па ч. 1 арт. 21.16 КоАП (парушэнне правілаў карыстання жылым памяшканнем). „Пратакол на Кудзіка быў складзены за тое, што ён „пад гучную музыку стукае невядомым прадметам па крышцы каструлі”, гэта значыць бярэ ўдзел у флэшмобе салідарнасці”, — паведамляе spring96.org.

belapan.by