Міліцыя пагражае гарадзенцу Сяргею Верамеенку
Сяргею Верамеенку, які сёлета кіруе кампаніяй „Права выбару” па Гарадзеншчыне, патэлефанавалі міліцыянты і паведамілі, што ў адносінах да яго вядзецца праверка.
Пра сутнасць справы кажа Сяргей Верамеенка:
– Патэлефанаваў невядомы чалавек, які прадставіўся маёрам міліцыі Андрушэнка з Менску. Казаў, што ёсць нейкія прэтэнзіі да мяне. Потым слухаўку ўзяў іншы чалавек, які сказаў, што ён таксама маёр Андрушэнка, а толькі што мне тэлефанаваў не ён, а курсант. Я так зразумеў, што ў свой час, калі аказваўся ціск на родных палітвязняў, якія зараз знаходзяцца ў заключэнні, а менавіта на Віталію Навумік, з боку дырэктара садка, калі пагражалі забраць яе дзяцей, я патэлефанаваў дырэктарцы садка, каб даведацца, з якой мэтай вядзецца вось гэты ціск, а таксама накіраваў скаргу ў пракуратуру.
Па яго словах, пракуратура ўжо праводзіла праверку, аднак нічога не выявіла:
– У пракуратуры я атрымаў адмову і ўсё. Цяпер я атрымаў паведамленне ад гэтага маёра Андрушэнкі ці не ведаю, хто там насамрэч, пра тое, што дырэктарка садка напісала на мяне заяву пра тое, што я тэлефаную ёй з пагрозамі. Хачу паведаміць, што пагрозаў насамрэч ніякіх не было. Наш тэлефон з ёй запісаны на дыктафон, як і размова з маёрам Андрушэнкам.
Сяргей Верамеенка звязвае гэтае тэлефанаванне з тым, што з 4-га жніўня пачынаецца папярэдняе галасаванне.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня