Мікалай Януш прызнаны найлепшым гульцом 20-га тура чэмпіянату Беларусі
Форвард „Іслачы” Мікалай Януш прызнаны найлепшым гульцом 20-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У гасцявой гульні з мазырскай „Славіяй” 35-гадовы нападнік у другім тайме пры ліку 2:2 забіў два галы запар, прынёсшы перамогу „Іслачы” 4:2. Зараз турнірную табліцу 30-га чэмпіянату Беларусі ўзначальвае салігорскі „Шахцёр”, які набраў 40 ачкоў у 20 праведзеных сустрэчах.
„Рытм” выйграў у „Вікторыі” у матчы Кубка Беларусі па хакеі на траве
Хакеісткі гарадзенскага „Рытма” выйгралі ў смалявіцкай „Вікторыі” у матчы Кубка Беларусі па хакеі на траве. Гульня завяршылася на карысць падначаленых Ніны Дашко з лікам 4:1. Гарадзенскім хакеісткам давялося прыкласці нямала намаганняў, каб перамагчы суперніц з Менскай вобласці. Асноўнай дзеючай асобай у складзе „Рытма” стала абаронца Святлана Багушэвіч. Нягледзячы на амплуа, яна згуляла актыўную ролю ў атаках гарадзенскага клуба і адкрыла лік на 2-й хвіліне. Наступнае ўзяцце брамкі заўзятары ўбачылі праз 33 хвіліны матчу. Вызначылася гулец „Вікторыі” Дыяна Варановіч. Калі здавалася, што сустрэча так і завершыцца ўнічыю, „Рытм” выбухнуў серыяй выніковых нападаў. На 45-й хвіліне другі свой мяч за гульню закінула Святлана Багушэвіч. Праз 10 хвілін павялічыла лік Аляксандра Слівінская, а на апошняй хвіліне Святлана Багушэвіч аформіла хет-трык. У іншым матчы дня хакеісткі „Менска” абыгралі баранавіцкі „Тэкстыльшчык-БарДУ” 6:2.
Аляксандра Сасновіч выйшла ў асноўную сетку турніру ў Палерма
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч аформіла выхад у асноўную сетку турніру ВТА ў Палерма. У кваліфікацыі адзіночнага разраду Аляксандра Сасновіч, якая займае 119-е месца ў сусветным рэйтынгу, у трэцім раўндзе перамагла іспанку Лару Аруабарэну – 7:5, 7:6.
Менскае «Дынама» прайграла свайму фарм-клубу
Хакеісты менскага «Дынама» пачалі перадсезонную падрыхтоўку з паразы па булітах ад маладзечанскіх аднаклубнікаў у двухбаковым матчы — 6:7. Асноўны час завяршыўся з лікам 6:4, пасля чаго быў прызначаны авертайм. «Дынама-Маладзечна» з’яўляецца фарм-клубам „зуброў”, таму за клуб экстралігі згулялі 10 маладых хакеістаў беларускага прадстаўніка ў КХЛ. За менчан вызначыліся Дзмітрый Буйніцкі, Ягор Шаранговіч, Арцём Дзямкоў, Аляксандр Паўловіч, Раман Гарбуноў, Аляксандр Когалёў. У складзе маладзечанцаў закідвалі Мікалай Сыты, Дзмітрый Кузьмін, Павел Капыцін і вызначыўся хет-трыкам Андрэй Паўленка. Пераможны буліт у актыве Іллі Усава.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота sportarena.by