Der Spiegel: Страх перад Лукашэнкам знікае



„Расейскія найміты, сілы бяспекі, якія трэніруюцца разганяць дэманстрацыі, — напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў кіраўнік Аляксандр Лукашэнка зноў робіць стаўку на страх, аднак гэта яшчэ больш умацоўвае апазіцыю”, — піша папулярны нямецкі часопіс Der Spiegel у матэрыяле „Беларусь: страх перад Лукашэнкам знікае”.

„Доўгі час у Беларусі ўсё вызначалася Аляксандрам Лукашэнкам. Аўтарытарны кіраўнік пераследаваў палітычных апанентаў, пазбаўляў іх волі, здымаў з выбараў. Ён вызначаў, як яны павінны прайсці, нязменна з вынікам, які сведчыць пра яго моцную перавагу. Але ўжо ў папярэднія гады гэта ўсё менш мела дачынення да рэальнасці. Зараз, пасля 26 гадоў ва ўладзе, ён усё радзей у стане гэта хаваць у тым ліку і таму, што настроі сярод 10-мільённага насельніцтва прыкметна змяніліся, што, зрэшты, не тэма для дзяржаўных СМІ”, — адзначае Der Spiegel.

Часопіс звяртае ўвагу на тое, што людзі ў Беларусі, якія доўгія гады трымаліся ў баку ад палітыкі „з-за страху перад цяжкасцямі”, цяпер знаходзяць у сабе смеласць выйсці на вуліцы і больш не хочуць маўчаць — „і гэта нягледзячы на тое, што ў апошнія тыдні сотні дэманстрантаў і журналістаў было затрымана, часам брутальна”.

„У сістэме Лукашэнкі нешта выйшла з-пад кантролю. У тым ліку і таму, што ён адначасова здзейсніў некалькі памылак”, — лічыць аўтар артыкула Хрысціна Хебель. Беларускі кіраўнік „не ўспрыняў усур’ёз” змяненне настрояў, „недаацаніў жанчын”, але больш за ўсё грамадзян абурыла яго стаўленне да каронавіруса: „Людзі адчуваюць, што засталіся з пандэміяй сам-насам”.

Што да галоўнага апанента Лукашэнкі на выбарах Святланы Ціханоўскай, то, на думку Der Spiegel, яе сіла ў тым, што яна пазіцыянуе сябе як „нармальная беларуска, якая працягнула справу свайго мужа па грунтоўнай змене сістэмы ў яе краіне — менавіта таму, што яна была запалоханая”.

belapan.by