Гародня: пачаліся датэрміновыя галасаванні на выбарах прэзідэнта Беларусі
Пачаліся датэрміновыя галасаванні на выбарах прэзідэнта Беларусі. Ужо першыя выбарцы наведалі ўчасткі і прагаласавалі.
Перад пачаткам галасавання многія незалежныя назіральнікі былі дапушчаны на выбарчыя ўчасткі, каб паназіраць за апячатваннем выбарчых скрыняў сябрамі ўчастковых камісіяў.
Кажа адна з назіральніц па Кастрычніцкім раёне – Наталля, прадстаўніца кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
– Мы былі дапушчаныя да апламбавання скрыняў. Мы маглі ўсё пабачыць. У нашай камісіі было дазволена прыйсці ўсім, хто паспеў. Нават было так, што адна асоба з трох дапушчаных да датэрміновага галасавання спазнілася, і мне дазволілі застацца да яе прыходу, што літаральна доўжылася каля 5-7 хвілін.
Большасць незалежных назіральнікаў апынуліся ў не прыярытэтнай пяцёрцы назіральнікаў у дні датэрміновага галасавання. Журналіст Андрэй Мялешка на сваім участку, які знаходзіцца ў Гімназіі №2, дзе быў акрэдытаваны як назіральнік, – не дапушчаны кіраўніком участковай камісіі, як асоба па-за квотай.
– Я пабачыў як адбылося апламбаванне скрыні. Але потым старшыня камісіі мне заявіла, што ў вас тут 10 назіральнікаў, і я дапускаю да назірання толькі першых. Вось прысутнічаюць тры жанчыны, адна з “Белай Русі”, адна з Саюза жанчын і яшчэ адна ад працоўнага калектыву. Мы іх дапускаем. А астатніх назіральнікаў мы проста не дапускаем, можаце сабе назіраць на тэрыторыі школы. Мы сядзелі пад дзвярыма, але праз некалькі хвілін да нас падышоў міліцыянт і папрасіў пакінуць тэрыторыю школы.
Некалькі дзясяткаў незалежных назіральнікаў ад кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” ўжо акрэдытаваныя ў выбарчых участках. Але акрэдытацыя пакуль яшчэ працягваецца.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя