Пасланне да ўчорашняга электарату



Кіраўнік дзяржавы выступіў перад прадстаўнікамі афіцыйных элітаў. У межах паўтарагадзіннага звароту Аляксандр Лукашэнка закрануў мноства пытанняў: ад геапалітыкі да цяперашніх выбараў. Калі падсумаваць, дасталася ўсім. Захаду гэтым разам — у меншай ступені. Расеі – у большай. Па апазіцыі, як звычайна, аратар прайшоўся катком. У цэлым, калі прааналізаваць выступ з пункту гледжання прапагандысцкага эфекту, выйшаў яўны правал. Грамадства ўбачыла, што напярэдадні самай галоўнай электаральнай бітвы пяцігодкі гарант усё яшчэ жывы (насуперак розным чуткам), але аганьку ў вачах патрыярха беларускай палітыкі малавата. І пакінуў сцэну кіраўнік дзяржавы вельмі паспешліва, чым паставіў у няёмкае становішча сотні вертыкальшчыкаў і сілавікоў, якія па інэрцыі пад прыцэлам тэлекамер няўпэўнена працягвалі пляскаць у далоні.

Большая частка прамовы, якую Аляксандр Лукашэнка зачытваў з паперы, гучала вельмі суха. У гэтым тэксце гаварылася пра дасягненні ўлады за чвэрць стагоддзя, пра прарыў на дыпламатычным фронце і суцэльную нестабільнасць на планеце, выключэннем з якой ёсць, вядома, наша выспа. Калі аператар паказваў рэакцыю публікі, прадстаўнікі якой прачнуліся а 4-й раніцы, каб прыехаць з рэгіёнаў у сталіцу, то было бачна, што большасць ледзь-ледзь перамагае сон.

Аўдыторыя трошкі ажывілася, калі кіраўнік дзяржавы пачаў імправізаваць. Тут сапраўды прагучалі некаторыя выказванні, якія даюць нам усім уяўленне пра бягучую палітыку. Аляксандр Рыгоравіч намагаўся выглядаць стрыманым, спрабаваў гуляць у ролю палітыка, які аб’ядноўвае нацыю. Сюды можна аднесці пасаж пра тое, што моладзь з “ланцугоў салідарнасці” і байцы АМАП-у – гэта ўсё нашыя дзеці. Аднак, улічваючы колькасць адміністрацыйных і крымінальных справаў у дачыненні да дэманстрантаў, якія спрабавалі даць адпор непрапарцыйна жорсткім дзеянням спецназу 14 ліпеня, такія выказванні наўрад ці здольныя каго-кольвек пераканаць.

Адносна сваіх ідэалагічных апанентаў быў задзейнічаны стандартны набор аргументаў і застрашэнняў. Маўляў, яны, абяцаючы вяртанне да Канстытуцыі 1994 году, насамрэч прывядуць краіну да хаосу і безуладдзя. Выступоўца значную часку сваёй прамовы прысвяціў дэманізацыі 1990-х, прыгадваючы разгул крыміналітэту, бандытызм і рэкет. Што да надзвычай папулярнай апаненткі Святланы Ціханоўскай, то кіраўнік дзяржавы ўмудрыўся ніводнага разу не згадаць яе прозвішча, што аб’ектыўна сведчыць пра разуменне пагрозы, якое сыходзіць ад альтэрнатыўнай кандыдаткі. Пераможны тур Святланы Ціханоўскай па Беларусі, які дэмаралізуе вертыкаль і сілавікоў, ён ахарактарызаваў грэблівымі фразамі пра троіцу дзяўчат, якімі кіруюць нейкія лялькаводы і якія нічога не разумеюць у жыцці.

Падсумоўваючы ўсё пачутае, Аляксандр Лукашэнка звяртаецца да ўчорашняга свайго электарату, бо да сучаснага ён так і не падабраў ключы. Аднак, нягледзячы на абсалютнае разуменне ім рэальнай сітуацыі з падтрымкай яго на выбарах, ён дае адназначны сігнал грамадству, што сыходзіць не збіраецца. Адсюль і выказванні пра планы на будучую пяцігодку. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ