Ці паставяць рэкорд па датэрміновым галасаванні?



Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў мяркуе, што сёлета можа быць пастаўлены рэкорд падчас датэрміновага галасавання.

Нагадаем, што з 4 жніўня ў краіне пачалося датэрміновае галасаванне.

Ігар Барысаў: На маю думку, сёння для ўладаў датэрміновае галасаванне – гэта адзіная форма, з дапамогай якой можна дасягнуць перамогі, бо сітуацыя, у якой яна апынулася, досыць складаная.

Улады ўжо агучвалі, што плануецца 40 адсоткаў тых, хто прагаласуе датэрмінова, і, мяркую, гэтая лічба будзе дасягнута. А некаторыя сацыялагічныя апытанні праўладных арганізацый паказваюць, што датэрмінова можа прагаласаваць нават 61 адсотак грамадзян.

Фактычна гэта ўказвае на тое, што рыхтуюць грамадства да падобных лічбаў. Калі зыходзіць з таго, што ўсяго колькасць прагаласаваўшых даходзіць да 80 адсоткаў, то палова (альбо большая палова) можа прагаласаваць датэрмінова. Улады зробяць усё магчымае, каб так і адбылося. Мяркую, рэкорд будзе.

РР: Праваабаронцы адзначаюць, што падчас датэрміновага галасавання больш магчымасцей для фальсіфікацый…

Ігар Барысаў: І гэта дае перавагу ўладам, бо практыка паказвае, што лічбы датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень за кандыдатаў нярэдка вельмі моцна адрозніваюцца.

Будзе нават псіхалагічная перавага для сябраў камісій, калі яны будуць бачыць па датэрміновым галасаванні, хто перамагае.

Таму сёння самая галоўная задача і альтэрнатыўных кандыдатаў, і дэмакратычных сілаў – гэта зрабіць усё магчымае, каб людзі галасавалі ў асноўны дзень – 9 жніўня. Бо падчас датэрміновага галасавання галасы пойдуць фактычна за Лукашэнку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Белапан