Актывістам са Жлобіна і Чачэрска прысудзілі па 15 сутак арышту



Жыхара Жлобіна Паўла Пацярухіна міліцыя звінаваціла ў дробным хуліганстве, а суд пакараў адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 15 сутак, паведаміла БелаПАН жыхарка Жлобіна Ліяна Шуба, якая прысутнічала на судзе.

«Павел акрэдытаваўся на адзін з участкаў у Жлобіне як назіральнік, я таксама. І калі ён сёння не прыйшоў на ўчастак, мы з назіральнікамі захваляваліся, на тэлефонныя званкі ён не адказваў. Аказалася, яго ўчора забрала міліцыя. Сёння адбыўся суд», – патлумачыла Шуба.

Супраць жыхара Жлобіна сведчылі на судзе супрацоўнікі міліцыі – з крымінальнага вышуку і ўчастковыя. «Павел займаецца рамонтам мабільных тэлефонаў. Учора да яго прыехала міліцыя пад падставай зрабіць вобшук, што, можа быць, ёсць які-небудзь крадзены тэлефон. Але спачатку ён з міліцыяй паехаў у РАУС. І, згодна з паказаннямі міліцыянераў на судзе, каля будынка РАУС ён раптам стаў гучна лаяцца матам і размахваць рукамі», – дадала жыхарка Жлобіна.

У выніку на Пацярухіна склалі пратакол за «дробнае хуліганства». «Характэрна, што, згодна з паказаннямі міліцыянераў, у аддзел ён зайшоў спакойны, таксама спакойна адказваў на пытанні там. Запісаў з відэакамеры назірання не захавалася – тэхнічны збой, так патлумачылі міліцыянеры», – расказала Ліяна Шуба.

Сёння стала вядома, што 15-сутачным арыштам пакараны актывіст з Чачэрска Юрый Кавалёў. Ён учора быў затрыманы міліцыяй. Але і сёння сваякі не ведаюць ні абставінаў затрымання, ні артыкула, па якім асудзілі жыхара райцэнтра. «Яго ўчора адразу павезлі ў ІЧУ ў Гомель, там і судзілі. Адзінае, што мы даведаліся, гэта тое, што яму далі 15 сутак. Нам у ІЧУ адмовіліся сказаць – за што», – расказала БелаПАН Кацярына, сваячка Юрыя.

Паводле яе слоў, міліцыя ўчора шукала і сына Юрыя, Арцёма Кавалёва.

БелаПАН