Міліцыя затрымала незалежнага назіральніка Іну Дабратвор



У Менску на выбарчым участку № 64 Заводскага раёна 5 жніўня была затрыманая назіральнік кампаніі „Права выбару” Іна Дабратвор.

Яе завезлі ў міліцыю, а праз некаторы час адпусцілі.

„Я фіксавала яўку за межамі ўчастка — у калідоры школы. Старшыні выбарчай камісіі Мікалаю Бойку гэта не спадабалася, ён паклікаў дырэктара школы, дзе знаходзіцца ўчастак. Дырэктар сказала, што я павінна пакінуць тэрыторыю, бо ёй не падабаецца, што тут знаходзяцца пабочныя”, — паведаміла БелаПАН Іна Дабратвор.

Яна растлумачыла дырэктару школы і старшыні ўчастковай камісіі, што мае статус назіральніка і можа тут знаходзіцца. У выніку на ўчастак былі выкліканыя супрацоўнікі міліцыі, якія прапанавалі праехаць у аддзяленне. „Мяне даставілі туды для складання пратакола, аднак там растлумачылі, што прывезлі для высвятлення асобы”, — дадала назіральніца.

Іна Дабратвор вярнулася на ўчастак, куды зноў выклікалі міліцыю, гэтым разам на яшчэ аднаго незалежнага назіральніка Ілью Дабратвора. „Прыехалі супрацоўнікі міліцыі, адзін з іх зачыніўся са старшынёй камісіі”, — сказаў БелаПАН Дабратвор.

Паводле яго слоў, магчыма, нагодай для выкліку міліцыі стаў той факт, што Дабратвор сфатаграфаваў старшыню выбаркама. Аднак пакуль з ім ніхто з праваахоўных органаў не гутарыў.

22 ліпеня ЦВК прыняла пастанову, згодна з якой колькасць назіральнікаў на выбарчых участках у асноўны дзень галасавання на выбарах прэзідэнта не павінна перавышаць пяці чалавек, пры датэрміновым — трох. Такую прапанову ўнесла старшыня камісіі Лідзія Ярмошына, растлумачыўшы гэта эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Кампанія „Права выбару” заклікала адмяніць гэтае рашэнне ЦВК, заявіўшы, што яно „супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і асноватворным прынцыпам правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў”. На думку прадстаўнікоў кампаніі, сваім рашэннем Цэнтральная камісія „практычна пазбавіла магчымасці незалежных назіральнікаў, вылучаных грамадзянамі і дэмакратычнымі арганізацыямі, назіраць за правядзеннем галасавання і падлікам галасоў”.

У кампанію „Права выбару” ўваходзяць прадстаўнікі васьмі палітычных і грамадскіх сіл: Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі „Зялёныя”, руху „За Свабоду”, незалежнага прафсаюза РЭП, аргкамітэтаў па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і Партыі свабоды і прагрэсу.