Якія парушэнні выкрываюць незалежныя назіральнікі на Віцебшчыне



Віктару Стукаву, падобна, давялося выкрыць механізм фальсіфікацый, які дазваляе павялічыць колькасць удзельнікаў галасавання ў адсотках.

 

Для гэтага трэба ўсяго толькі не ўлічваць усіх выбаршчыкаў. Прыкладам, ні сябе, ні жонку  ў спісах для галасавання на ўчастку №2 Полацкай раённай акругі назіральнік не знайшоў, хаця стала пражывае па адным  адрасе з 1984-га года:

– Кажу : “Я ж яшчэ тут і галасую, дайце паглядзець, ці ёсць я ў спісах”. Гляджу – няма!  Прычым калі галасуеш, глядзіш спіс, а там дом №23 і кватэры адна за адной, па парадку. А тут пачалі мяне шукаць, і я бачу, што кватэры  пералічаны праз тры ці пяць: 77-я, потым 81-я… Я думаю, гэта яны знарок змяншаюць колькасць выбаршчыкаў на ўчастку, каб падвысіць колькасць прагаласаваўшых.

Віктару Стукаву ўдалося трапіць на выбарчы ўчастак у якасці назіральніка ўсяго на адну гадзіну – раніцай 4-га жніўня, пакуль спазнялася “праўладная” назіральніца. Ён кажа, што за гэты час прагаласавала 8 чалавек, прычым некаторыя тут жа ўголас казалі, што галасуюць яны не за Лукашэнку.

Палічыць колькасць прагаласаваўшых, не заходзячы на тэрыторыю ўчастка, забаранілі сёння чатыром віцебскім назіральнікам. Адміністрацыя школы №25, дзе месцяцца ўчасткі, забараніла  знаходзіцца нават у фае, распавёў Андрэй Кешанюк:

– Мы спрабавалі давесці, што яны не маюць права нам замінаць, бо мы акрэдытаваныя назіральнікі. Але ж яны казалі, што ёсць спісы запрошаных назіральнікаў, і нас у гэтых спісах няма. І што староннія асобы не маюць права знаходзіцца ў школе. Калі наша размова зайшла ў тупік, яны выклікалі нарад міліцыі.

Чацвёра назіральнікаў правялі ў аддзеле міліцыі Першамайскага раёна каля 2-х гадзін. Урэшце міліцыянты прынеслі ім прабачэнні за беспадстаўнае затрыманне. Бо высветлілася, што адміністрацыя школы не мела рацыі: што назіральнікі – не пабочныя асобы, і што яны  могуць знаходзіцца ў будынку, але па-за межамі ўчасткаў. Незалежныя назіральнікі спрабуюць падлічыць рэальную колькасць прагаласаваўшых хаця б такім чынам.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск