Вы што гей? Навошта вы іх абараняеце?
Міністэрства інфармацыі і Беларуская асацыяцыя журналістаў адрэагавалі на гамафобскія артыкулы выдання “Вечерний Могилёв”. Ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць» скіравала цэлы шэраг пісьмовых зваротаў у розныя структуры – ад Міністэрства інфармацыі да пракуратуры – з патрабаваннем даць прававую ацэнку гамафобнаму артыкулу «Впервые в истории Беларуси под стражу взяли транссексуала» ў газеце «Вечерний Могилёв». Пра гэту сітуацыю праект “Месца для прэсы” распавядаў не раз. У гэтай газеце выйшаў цэлы шэраг гамафобскіх публікацый. Адна з іх абасалютна абразлівая, калі журналісты транссексуальнага чалавека змешваюць з брудам і зняважліва называюць ЯНО.
Гамафобія як падмена паняццяў, альбо “Я жыву ў Беларусі”
Міністэрства інфармацыі загадала выданню больш пільна ставіцца да публікацый, што вынікае з адказу на зварот, які атрымалі прадстаўнікі ініцыятывы “Журналісты за талерантнасць”. Толькі вось галоўная рэдактарка і аўтарка артыкулаў Надзея Леўчанка кажа, што ніякіх папераў з міністэрства не атрымлівала. Больш таго, лічыць, што яе выданне вынонвае важную місію.
Леўчанка: Што тычыцца гэтай тэмы, то мы змяшчаем на нашых старонках адназначна, як ідзе ў нас змаганне з п’янствам, хуліганствам, забойствамі, прастытуцыяй і, так бы мовіць, распаўсюдам гомасексуалізму. І таму гэтым тэмам мы ўдзялялі і будзем удзяляць увагу.
РР: Значыць, Вы ўсё ставіце гэта ў адзін шэраг: прастытуцыю, змаганне з п’янствам, гомасексуальнасць – усё ў адзін радок?
Леўчанка: Так, так.
РР: А чаму так? Я з Вамі зусім не згодны ў гэтым кірунку.
Леўчанка: Ну, разумееце, калі Вы гей-супольнасць, то канешне Вы не згодны.
РР: Хто? Я гей-супольнасць? Чаму Вы так вырашылі?
Леўчанка: Ну, таму што Вы іх абараняеце.
РР: Як журналіст. Я ведаю, як трэба працаваць паводле журналісцкіх прынцыпаў этыкі…
Леўчанка: А Вы не вучыце мяне, як працаваць.
РР: Не, я не збіраўся Вас вучыць. Я так разумею, што Вы ведаеце, як працаваць. Але цывілізаваная журналістыка палягае на тым, што мусяць быць прадстаўленыя розныя бакі. А Вы так адназначна сцвярджаеце пра тое, што прастытуцыя, наркаманія і гомасексуалізм – гэта адно і тое ж. Троху дзіўнае такое сцвярджэнне.
Леўчанка: Можа для Вас дзіўнае, таму што для Вас, відаць, усё роўна, што зараз “мама” і “тата” нельга называць, а “родитель- 1» і «родитель-2». Альбо дзіця само павінна вызначыцца, калі падрасце, у спаднічцы яму хадзіць ці ў нагавічках, будзе ён называцца дзяўчынкай ці хлопчыкам? Вы – з гэтага шэрагу. Мы прытрымліваемся славянскіх традыцый. Паводле Бібліі, гомасексуалізм – вялікі грэх. Паводле ўсіх рэлігій, гэта вялікі грэх. І мы ставімся да гэтага як да граху.
РР: Ясна. А вось Міністэрства інфармацыі загадала больш пільна ставіцца да пулікацый…
Леўчанка: Міністэрства інфармацыі мне нічога не паведамляла. Ніякіх паведамленняў да мяне не прыходзіла. Я пра гэта прачытала выключна на сайтах. А мне нічога такога не прыходзіла. Што тычыцца таго: знятыя ў нас на сайце матэрыялы ці не знятыя, – то мы гатовы прадаставіць гэтыя матэрыялы любому ахвочаму пасля пэўнай аплаты на наш рахунак.
РР: Як? Не разумею. Гэта значыць, што купіць гэтыя матэрыялы можна? Ці што?
Леўчанка: Так, так. Калі Вы захочаце атрымаць адзін з гэтых нашых матэрыялаў, то калі ласка… У нас у бліжэйшы час ідзе рэарганізацыя сайта. Мы зробім такую аб’яву: хто хоча купіць, хай пералічвае да нас суму грошай і мы накіруем яму матэрыял пісьмова альбо па электроннай пошце.
РР: Ага, значыць, Вы лічыце, што гэта такі выдатны матэрыял, што за яго нават грошы можна атрымаць?
Леўчанка: Ну, дык а чаго вы да іх прычапіліся? Бачу я так: такая шуміха, такая папулярнасць, дык чаму б не зарабіць на гэтым? Гэта праца журналістаў.
РР: Я нагадаю, чаму мы, як Вы кажаце, так прычапіліся. Ведаеце, мы жывём у цывілізаваным грамадстве…
Леўчанка: Я жыву ў Рэспубліцы Беларусь.
РР: А, паводле Вас, Рэспубліка Беларусь – нецывілізаванае грамадства.
Леўчанка: У Рэспубліцы Беларусь жыву. Я выконваю законы Рэспублікі Беларусь, я прытрымліваюся тых традыцый славянскіх, якія ёсць у Рэспубліцы Беларусь.
РР: Божа! Але абражаць чалавека – гэта не закон Рэспублікі Беларусь. Увогуле, такога закону няма…
Леўчанка: Пачакайце… Каго? Што? Вы пра што?
РР: Спадарыня Надзея, Вы ўзгадайце той матэрыял, як ён быў напісаны.
Леўчанка: Пачакайце, транссексуал сам пра ўсё паведамляў, ён не патрабуе абароны.
РР: Але ён не гаварыў пра сябе тымі словамі, якімі быў напісаны матэрыял. Матэрыял напісаны абразлівымі словамі, бо калі б я прачытаў пра сябе такі матэрыял, то я б падаў у суд. Вы як прафесійны журналіст павінны разумець, што слова мае вялікае значэнне. Калі Вы з брудам змешваеце чалавека.
Леўчанка (павышаючы голас): Ніхто чалавека з брудам не змешваў. Пра чалавека напісалі тое, які ён ёсць. Ты больш мы не ўказвалі прозвішча, нічога. Карацей, займайцеся сваімі справамі, пішыце, што ў нас цудоўнага ёсць у Рэспубліцы Беларусь. А ў нас вельмі шмат чаго цудоўнага. Калі Вы хочаце змагацца з недахопамі, то не ў газеце “Вячэрні Магілёў” трэба змагацца, а змагайцеся наўкола нас – п’янства, наркаманія, гомасексуалізм той жа распаўсюджваецца. Забойствы і ўсё астатняе. Да пабачэння!
РР: А як я магу змагацца з п’янствам, з гомасексуалізмам?.. Хаця я не думаю, што з гэтым трэба змагацца. Кожны чалавек сам вырашае.
Леўчанка: Ааа, гэта трэба заахвочваць?
РР: Я не кажу, што гэта трэба прапагандаваць. Але кожны чалавек мае права на сваю самаідэнтыфікацыю.
Леўчанка: Да пабачэння. Вызначыць: хлопчык ён ці дзяўчынка – ён павінен сам. Да пабачэння.
Гудкі… (Далей спадарыня Леўчанка размову вырашыла не працягваць).
Тым часам матэрыял пра транссэксуала і не менш спрэчны артыкул ”Снятся людям иногда голубые города. Соберутся голубые и уедут навсегда” зніклі з сайта. Надзея Леўчанка гэта тлумачыць рэарганізацыяй рэсурсу. І больш таго, заяўляе пра жаданне далей прадаваць за грошы гэтыя матэрыялы, маўляў, чаму ж вы за іх так ухапіліся.
Шэраг публікацыяў газеты, у тым ліку пра транссэксуала, вольныя роздумы пра гей-культуру, ЛГБТ-групах выклікалі скандал у грамадстве і медыя-асяродку. Дадатковы факт: каментатарам у гэтых матэрыялах выступае магілёўскі суддзя Станіслаў Леўчанка, сын галоўнай рэдактаркі. У дачыненні да якога ў Вярхоўным судзе праводзіцца дысцыплінарная праверка. Там вырашаюць, ці меў права суддзя трансляваць выказванні, якія можна кваліфікаваць як прапаганду варожасці ў дачыненні да пэўнай сацыяльнай групы – ЛГБТ.
Элементарная непісьменнасць, прыхаваная таннымі штампамі
Такую пазіцыю галоўнай рэдактаркі ў камісіі па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў лічаць як мінімум непісьменнасцю. Камісія вырашыла, што “Вечерний Могилёв” у артыкуле пра трансгендарнага мужчыну дапусціў грубыя парушэнні журналісцкай этыкі – сказаў ў праекце “Месца для прэсы” сябра камісіі, беларускі журналіст Валерый Карбалевіч.
Карбалевіч: Гэты артыкул настолькі відавочна парушае ўсе правілы журналісцкай этыкі і нават беларускага заканадаўства, што тут не было вялікіх спрэчак. Мне падаецца, шо гэты матэрыял можа стаць практычным дапаможнікам для студэнтаў журфака як тэст на колькасць парушэнняў у адным артыкуле правілаў журналісцкай этыкі.
Тут і парушэнне правілаў недатыкальнасці асабістага жыцця, і дыскрымінацыя па прыкметах пола, і распальванне варажнечы, і абвінавачванне чалавека ў тым, што ён злачынец, хоць суда яшчэ не было. І проста элементарная непісьменнасць: людзі, якія пісалі артыкул, проста не разумеюць, што такое “транссексуал”, “транссексуальнасць”, – падкрэслівае аўтарытэтны беларускі журналіст Валерый Карбалевіч.
РР: Рэдактарка газеты “Вечерний Могилёв” расказвае, што яна жыве ў праваслаўнай краіне і мае рацыю, публікуючы такія артыкулы. Ці ёсць у Беларусі механізм, як з гэтым змагацца? Бо не мусіць быць такіх артыкулаў у перыядычных выданнях.
Карбалевіч: Ёсць суд, ёсць беларускае заканадаўства. Я лічу, што калі пакрыўджаны звернецца ў суд, то ёсць падстава для прамога пераследу аўтараў артыкула, бо ў ім ёсць грубыя парушэнні.
І таксама відавочны алгарытм мыслення людзей, якія ствараюць такія “штампы”. Паводле Валерыя Карбалевіча, галоўная праблема ў тым, што ў беларускім грамадстве, як і ў расейскім, адбываецца элементарная падмена паняццяў:
– Калі ідзе спрэчка пра каштоўнасці, то яны еўрапейскія каштоўнасці атаясамліваюць са стаўленнем да сексуальных меншасцяў, – працягвае думку Валерый Карбалевіч. – І адсюль выраз “Гей-Еўропа”, то бок, усе еўрапейскія каштоўнасці: павага да правоў чалавека, дэмакратыя, падзел уладаў і так далей падмяняюцца адной з’явай – цярпімага стаўлення да сексуальных меншасцяў. Гэта спроба ўсю заходнюю цывілізацыю звінаваціць у тым, што яна ў маральным сэнсе дэградуе. А ў Беларусі і Расеі традыцыйныя каштоўнасці шануюцца. Гэта танная прапагандысцкая парадыгма. Але ў пэўным сэнсе яна працуе.
Слухайце гук у далучаным файле.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, праект “Месца для прэсы”