Улады адказалі Камітэту па правах чалавека ААН на скаргу Бабарыкі
Камітэт па правах чалавека ААН атрымаў адказ беларускіх уладаў на скаргу Віктара Бабарыкі. Экс-прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду пісаў пра сваё адвольнае затрыманне і заключэнне пад варту. Ён прасіў, каб КПЧ тэрмінова звярнуўся да беларускай дзяржавы з просьбай не перашкаджаць яго ўдзелу ў выбарах. Таксама Бабарыка прасіў даць яму доступ да штаба, СМІ і выбарцаў.
У сваім адказе Камітэту па правах чалавека беларускія ўлады заявілі, што гэта канфідэнцыйны адказ. То бок, грамадскасць пакуль што не зможа даведацца яго змест. Пра гэта парталу TUT.BY распавялі адвакаты Бабарыкі.
КПЧ пераслаў адказ уладаў адвакатам, але папрасіў не разгалошваць яго да вынясення канчатковага рашэння.
Справа будзе разглядацца на адной з сесіяў Камітэта па правах чалавека ў Жэневе.
Беларускае Радыё Рацыя