„Шахцёр” разграміў „Вольфсбург” і выйшаў у 1/4 фіналу Лігі Еўропы
У матчы ў адказ 1/8 фіналу Лігі Еўропы данецкі «Шахцёр» прымаў «Вольфсбург». Сустрэча прайшла ў Кіеве на стадыёне «Алімпійскі» і завяршылася з лікам 3:0. На 67-й хвіліне абаронца «Шахцёра» Давід Хачалава атрымаў чырвоную картку. Праз тры хвіліны быў выдалены з поля гулец нямецкай каманды Джон Энтані Брукс. На 89-й хвіліне быў забіты першы ў матчы гол – вызначыўся нападнік «Шахцёра» Жуніёр Мараес. Праз тры хвіліны «Шахцёр» падвоіў перавагу намаганнямі Манора Саламона. Лік да разгромнага давёў Мараес, аформіўшы дубль.
Дзякуючы гэтаму выніку ўкраінская каманда прабілася ў наступную стадыю плэй-оф Лігі Еўропы. Першая сустрэча завяршылася перамогай «гарнякоў» з лікам 2:1. «Манчэстар Юнайтэд» прымаў аўстрыйскі ЛАСК. Сустрэча прайшла на стадыёне «Олд Трафард» у Манчэстэры і завяршылася перамогай англійскай каманды з лікам 2:1. У другім тайме, на 55-й хвіліне, абаронца ЛАСКа Філіп Візінгер адкрыў лік. Праз 2 хвіліны адказаў паўабаронца «Манчэстар Юнайтэд» Джэсі Лінгард. У канцоўцы сустрэчы, на 88-й хвіліне, нападнік Антані Марсьяль вывеў манкуніянцаў наперад. У першым матчы «Манчэстар Юнайтэд» разграміў аўстрыйскую каманду з лікам 5:0. Міланскі «Інтэр» прымаў іспанскі «Хетафе» і перамог з лікам 2:0. Лік быў адкрыты ў першым тайме. Рамэлу Лукаку адправіў мяч у сетку на 33-й хвіліне сустрэчы. Паўабаронца Крысціян Эрыксэн на 83-й хвіліне падвоіў перавагу гаспадароў. Дзякуючы гэтаму выніку італьянская каманда прабілася ў наступную стадыю плэй-оф Лігі Еўропы. Першая сустрэча, у Іспаніі, завяршылася перамогай міланцаў з лікам 1:0. Таксама далей прайшоў дацкі «Капенгаген», які прымаў «Істанбул Башакшэхір». Сустрэча завяршылася перамогай гаспадароў з лікам 3:0. У першай сустрэчы «Істанбул» перамог 1:0.
Гол Лісаковтч прызнаны лепшым у ліпеньскіх матчах чэмпіянату Беларусі
Форвард салігорскага „Шахцёра” Віталь Лісаковіч стаў аўтарам самага прыгожага гола ў ліпеньскіх матчах чэмпіянату Беларусі. Па выніках традыцыйнага галасавання, які праводзіцца Беларускай федэрацыяй футбола, лепшы гол Віталь Лісаковіч забіў у гасцявым пераможным матчы 16-га тура ў браму жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа”. У гэтай гульні салігорская дружына выйграла з лікам 4:1. Футбалісты „Шахцёра” цяпер узначальваюць турнірную табліцу, набраўшы 40 ачкоў у 20 праведзеных сустрэчах. У наступным туры яны сёння на сваім полі прымуць дзеючага чэмпіёна краіны берасцейскае „Дынама”.
Футбалісткі „Менска” і „Дынама-БДУФК” выйшлі ў фінал Кубка Беларусі
Футбалісткі сталічнага „Дынама-БДУФК” і „Менска” сталі фіналісткамі розыгрышу Кубка Беларусі сярод жаночых каманд. У матчы ў адкаў паўфіналу дынамаўская каманда разграміла на сваім полі „Бабруйчанку” з лікам 7:2. У першай сустрэчы ў Бабруйску лідары нацыянальнага першынства таксама былі мацнейшыя 5:1. У другім паядынку дзеючыя чэмпіёнкі і ўладальніцы Кубка краіны футбалісткі „Менска” гулялі ў гасцях у гарадзенскага „Нёмана” і выйгралі 1:0. На сваім полі сталічная каманда таксама перамагла з мінімальнай перавагай – 1:0.
Аляксандра Сасновіч выйшла ў чвэрцьфінал тэніснага турніру ў Палерма
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч выйшла ў чвэрцьфінал турніру ў італьянскім Палерма з прызавым фондам 202 тысячы даляраў. У паядынку 1/8 фіналу адзіночнага разраду Аляксандра перамагла ў двух сэтах прадстаўніцу Італіі Ясмін Пааліні – 6:0, 6:2. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 12 хвілін. У першым раўндзе беларуска таксама ўпэўнена перамагла ў двух сэтах 23-ю ракетку планеты бельгійскую тэнісістку Элізэ Мёртенс – 6:4, 6:1.
Беларускае Радыё Рацыя