Ілля Дабратвор: Жонку забралі ў міліцыю, але пратакол не склалі



Актывіст Ілля Дабратвор распавёў, як яго жонку адвезлі ў міліцыю з выбарчага ўчастка №64 Заводскага раёна.

Ілля Дабратвор: Жонка зарэгістравалася назіральнікам шляхам збору подпісаў і прыйшла 5 жніўня на ўчастак на момант адкрыцця. Мяне ў графік не ўключылі, таму я не меў права назіраць наогул.

Пакуль павёз скаргу ў раённую камісію, даведваюся, што ў гэты час старшыня камісіі выклікаў на жонку міліцыянтаў за тое, што яна знаходзілася ў памяшканні школы. Нібыта гэта забаронена. Заўважу, што яна была не на самім участку, а ў калідоры школы.

Прыбегла дырэктар установы, прыйшла міліцыя і павезлі жонку на разбіральніцтва. Паўгадзіны пратрымалі, ніякіх прававых падстаў для складання пратакола не знайшлі і адпусцілі. І, як пазней аказалася, за гэтыя паўгадзіны прагаласавала аж 16 чалавек.

РР: Да назіральнікаў зараз ставяцца, як да патэнцыйных злачынцаў…

Ілля Дабратвор: Такое стаўленне было заўсёды, але зараз выбарчым камісіям, можна сказаць, развязалі рукі, а таму яны пры жаданні адразу выклікаюць міліцыю. Назіральнікі, відаць, ім перашкаджаюць пісаць неабходныя лічбы па яўцы, і бачаць, колькі на самай справе прыходзяць людзей галасаваць. А лічбы затым з’яўляюцца абсалютна іншымі. Вось старшыні ўчастковых камісій і нервуюцца, што ім перашкаджаюць “рабіць сваю справу”.

Зараз я бачу, што на выбарчых участках шмат міліцыянтаў, людзей у цывільным. Яны забяспечваюць так званы “парадак”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя