Агляд прэсы



Лукашэнка і беларуская мова: дыктатар застаўся сам-насам з Расеяй. Нью-Ёрк выходзіць з пекла каронавіруса. Такія тэмы сёння ў цэнтры ўвагі. Падрабязнасці даведаемся ў аглядзе замежнай прэсы ад Кастуся Багушэвіча.

ПС: Праехаў катком па беларускіх школах і забяспечыў далейшую русіфікацыю краіны. Выштурхнуў з грамадскага жыцця інтэлігенцыю, пазбыўся апанентаў і застаўся сам насам з Расеяй. Сёння пажынае плады ўласнай палітыкі. Так пачынаецца артыкул у польскай газеце Rzeczpospolita. Калі ў аўторак прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка завяршыў паўтарагадзінны выступ, ён неадкладна сышоў з трыбуны Палаца Незалежнасці. У папярэднія гады ён размаўляў з аўдыторыяй, але на гэты раз выступ атрымаўся „па-ангельску”. Нават ахоўнікі былі здзіўлены, што ім прыйшлося хутка бегчы, каб прыкрыць лідара, які кіруе краінай ужо чвэрць стагоддзя. Апладысменты трывалі амаль 3 хвіліны. Чыноўнікі, члены ўрада і вайскоўцы асцярожна пазіралі адзін на аднаго, ім балелі рукі, але ніхто не хацеў быць першым, хто спыніў авацыі ў гонар „вялікага правадыра”. Сёння ў Беларусі няма вышэйшай навучальнай установы, дзе ўсе прадметы выкладаліся б па-беларуску. Сёння на роднай мове вучыцца толькі дзясятак адсоткаў вучняў. Астатнюю прастору займае расейская, таму што пад уладай так званага «бацькі» яна не толькі атрымала статус «другой дзяржаўнай мовы», але і стала мовай «вышэйшай культуры» і, што самае галоўнае, мовай «вялікай імперыі», з якой Лукашэнка ад пачатку свайго кіравання звязаў вайсковыя і эканамічныя сувязі. У гэта цяжка паверыць, але да сённяшняга дня не ўсе прававыя акты перакладзены на беларускую мову. Прэзідэнт карыстаецца ёй толькі тады, калі хоча здабыць узнагароду альбо зноў ударыць па так званых „свядомых”. А такіх людзей ён заўсёды баяўся як агню. Інтэлігенцыю і лідараў грамадскага меркавання, такіх як вядомыя пісьменнікі Васіль Быкаў ці Рыгор Барадулін, прапаганда не ўзгадвала да самай смерці, бо яны казалі занадта гучна і не падтрымлівалі дыктатуру. Іншых, напрыклад, вядомага паэта Уладзіміра Някляева, збівалі і кідалі ў турмы. Тысячы беларусаў былі вымушаныя бегчы за мяжу, як і адкрывальнік сталінскіх злачынстваў у Курапатах Зянон Пазняк. Былі і тыя, хто страціў гэтае жыццё: Ганчар, Красоўскі, Захаранка, Завадскі. З кім сёння застаўся Лукашэнка? З загонамі расейскіх баевікоў, якіх, як ён сам прызнаўся ў аўторак, ён мусіць „лавіць у лесе”. Ён застаўся сам-насам з Уладзімірам Пуціным, якога расейскамоўныя канкурэнты Лукашэнкі ўжо просяць аб „братняй дапамозе” і выкарыстаюць любую магчымасць, каб яго зрынуць. А што калі 10 жніўня ягоныя сілы не здолеюць спыніць народ? Ці можна разлічваць на генералаў, якія скончылі расейскія акадэміі і п’юць гарэлку з расейскімі „таварышамі па зброі” падчас шматлікіх сумесных манеўраў? І колькі разоў на год афіцэры яго спецслужбаў наведваюць Маскву? Застаюцца мільёны беларусаў, якія гадамі жылі ў роспачы і страху, стаміўшыся ад яго партрэта на сценах. Яны пераадольваюць свой страх і выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў. Што адбудзецца, калі хтосьці з чыноўнікаў пераадолее страх і спыніць апладысменты? — так завяршае публікацыю аўтар Руслан Шошын.

Губернатар штата Нью-Ёрк Эндру Куома абвясціў, што ў рэгіёне тры дні запар няма смерцяў ад COVID-19. Усяго ў панядзелак у цэлым штаце было тры смерці. Нягледзячы на прагрэс, губернатар вынес жорсткае папярэджанне жыхарам працягваць сур’ёзна ўспрымаць вірус — і горад абвясціў, што ўстанаўлівае пункты пропуску для інфармавання наведвальнікаў аб правілах каранціну, піша CBS News.

„Наш прагрэс у Нью-Ёрку нават лепшы, чым мы чакалі, дзякуючы напружанай працы нью-ёркцаў”, — заявіў Куома. „Але мы павінны абараніць гэты прагрэс, і таму сёння мы кансультуемся па падарожжах з іншымі штатамі. Мы не можам вярнуцца ў пекла, якое мы перажылі некалькі месяцаў таму, — і рост хуткасці заражэння па ўсёй краіне пагражае вярнуць нас туды. Таму ўсе мы павінны быць пільнымі”.

Губернатар загадаў абавязкова ўводзіць 14-дзённы каранцін для людзей, якія едуць у Нью-Ёрк з іншых штатаў з высокім узроўнем заражэння. У цяперашні час пацярпелі наведвальнікі з 35 штатаў. У той час як Дэлавэр і акруга Вашынгтон былі выключаны са спісу, Род-Айленд быў дададзены ў спіс небяспекі ў аўторак.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя