Паступленні ў бюджэт ад нафтавых пошлін зменшыліся ў пяць разоў



Даходы бюджэту ад вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты ў студзені—ліпені 2020 года скараціліся больш як у пяць разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць матэрыялы Міністэрства фінансаў.

„Вывазныя мытныя пошліны на нафту і нафтапрадукты за студзень—ліпень 2020 года склалі 175,6 млн рублёў (13,2% гадавога плана), што звязана са зніжэннем аб’ёмаў нафтаперапрацоўкі і прыпыненнем экспарту беларускай нафты ў мэтах загрузкі сыравінай айчынных нафтаперапрацоўчых заводаў”, — тлумачыць Мінфін.

У параўнанні са студзенем—ліпенем 2019 года паступленні вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты зменшыліся больш як у пяць разоў, канстатуе міністэрства. Пошліны ад экспарту беларускай нафты, якія залічваюцца ў бюджэт, склалі ў студзені—ліпені 25,7 млн рублёў (за студзень—ліпень 2019 года — 150,9 млн рублёў).

„Разам са зніжэннем аб’ёмаў экспарту нафты і нафтапрадуктаў на змяншэнне даходаў ад экспартных пошлін у параўнанні з 2019 годам паўплывала змяншэнне іх ставак у выніку рэалізацыі ў Расійскай Федэрацыі „падатковага манеўру”, — адзначае Мінфін.

Тэму скарачэння нафтавых даходаў Беларусі падымаў на гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка падчас выступлення са штогадовым пасланнем народу і парламенту.

„Вы бачыце, якая сітуацыя ў свеце: закрыццё межаў, масавае банкруцтва, дзікае беспрацоўе, інтэграцыйныя структуры і блокі, па сутнасці, паралізаваныя, літаральна за два-тры месяцы разбураныя самыя ўстойлівыя сувязі, адбываецца тое, пра што мы не маглі падумаць”, — падкрэсліў Лукашэнка.

У гэтых умовах, сказаў ён, калі Беларусь асабліва мела патрэбу ў падтрымцы, узніклі праблемы з Расіяй. „Ад нафтавых разборак з Расіяй бюджэт недаатрымаў паўтара мільярда рублёў”, — паведаміў афіцыйны лідар.

belapan.by