МНС дазволіла загрузку ядзернага паліва ў рэактар першага энергаблока БелАЭС
Калегія Міністэрства па надзвычайных сітуацыях 6 жніўня дапоўніла ліцэнзію адміністрацыі Беларускай АЭС на дзейнасць у галіне выкарыстання атамнай энергіі дазволам выканаць першую загрузку рэактара першага энергаблока БелАЭС, паведамляе сайт дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд).
Рашэнне было прынятае на аснове заключэння Дзяржатамнагляду паводле вынікаў экспертызы дакументаў, што абгрунтоўваюць бяспеку, і мэтавай праверкі гатоўнасці БелАЭС выканаць згаданы этап, які папярэднічае ўводу станцыі ў эксплуатацыю.
„Дзяржатамнагляд кантралюе выкананне ліцэнзіятам ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў, уключаючы спецыяльныя ўмовы дзеяння ліцэнзіі, у межах нагляднай дзейнасці, у тым ліку ў рэжыме пастаяннага [кругласутачнага] нагляду, а таксама шляхам правядзення мэтавых праверак. Вынікі нагляду, разам з іншымі дакументамі, аналізуюцца перад прыняццем рашэнняў аб выдачы дзяржпрадпрыемству „Беларуская АЭС” дазволаў”, — падкрэслілі ў органе рэгулявання.
4 жніўня кансультант Дзяржатамнагляду Алег Собалеў паведаміў БелаПАН, што 31 ліпеня была апублікаваная пастанова ўрада са зменамі ў нормы і правілы па арганізацыі ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. Гэтыя змены, паводле яго слоў, „закранулі тое, якім чынам орган рэгулявання будзе выдаваць дазвольныя дакументы” аператару атамнай станцыі.
Ён звярнуў увагу, што раней Дзяржатамнагляд павінен быў выдаць толькі ліцэнзію на збудаванне, а пасля — адразу на эксплуатацыю. Са зменай заканадаўства адміністрацыі БелАЭС да ўводу станцыі ў эксплуатацыю належыць па чарзе атрымаць ліцэнзіі на першую загрузку паліва, выпрабаванні рэактарнай устаноўкі ў падкрытычным стане, выкананне фізічных эксперыментаў на мінімальна кантраляваным узроўні, энергетычны пуск і доследна-прамысловую эксплуатацыю.
„Перад кожным з гэтых этапаў будзе праводзіцца ацэнка здольнасці прадпрыемства „Беларуская АЭС” выканаць гэтыя работы, на кожны этап — свой дазвол, — паўтарыў кансультант Дзяржатамнагляду. — Толькі пасля таго, як усе гэтыя этапы будуць пройдзеныя, будзе выносіцца пытанне аб выдачы дазволу на эксплуатацыю. Перад гэтым дазволам у абавязковым парадку правядуць грамадскія слуханні”.
6 жніўня прэс-служба Міністэрства энергетыкі паведаміла, што загрузка паліва ў рэактар для першага энергаблока БелАЭС пачнецца 7 жніўня.
Беларуская АЭС будуецца блізу Астраўца (Гарадзенскай вобласць) за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расійскага праекта ВВЭР-1200. Згодна з прагнозам Мінэнерга, пасля выхаду на поўную магутнасць станцыя будзе выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод. Фізічны пуск першага энергаблока плануецца ажыццявіць у жніўні гэтага года, на поўную магутнасць ён павінен быць выведзены ў лютым 2021-га. Другі энергаблок плануецца запусціць таксама ў наступным годзе.
belapan.by