Затрыманы чарговы журналіст



Каля суда Кастрычніцкага раёна Магілёва быў затрыманы мясцовы журналіст Аляксандр Буракоў-малодшы. Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Алег Агееў, які стаў відавочцам затрымання, Аляксандра «затрымлівалі трое дужых з кароткай стрыжкай у грамадзянскай форме адзення, яны былі ў анцікавідных масках».

Па інфармацыі БАЖ, напярэдадні ў Магілёве былі затрыманыя журналісты Аляксандр Буракоў-старэйшы і Уладзімір Лапцэвіч.

Каля 19 гадзін супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль Буракова на вуліцы Касманаўтаў абласнога цэнтра, пасля чаго журналіста даставілі ў Ленінскі РАУС.

Падтрымаць Буракова да РАУС прыехалі магілёўскія журналісты і праваабаронцы, аднак у аддзел міліцыі іх не пусцілі, спаслаўшыся на эпідэміялагічную сітуацыю.

У сувязі з нядопускам у будынак міліцыі журналіст «Магілёўскага рэгіёна» і сябра БАЖ Уладзімір Лапцэвіч пакінуў запіс у кнізе скаргаў і прапаноў Ленінскага РАУС. Праз некаторы час да яго выйшаў супрацоўнік міліцыі і папрасіў яго прайсці з ім у РАУС нібыта для апытання адносна яго скаргі. Лапцэвіч з аддзелу міліцыі не выйшаў. Раніцай стала вядома, што Лапцэвіча затрымалі нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Акрамя таго, па інфармацыі БАЖ, журналістам-фрылансерам Аліне Скрабуновай і Аляксандру Сідарэўскаму, якія 5 жніўня чакалі Буракова ля Ленінскага РАУС, уручылі позвы з патрабаваннем з’явіцца сёння ў Кастрычніцкі аддзел унутраных спраў Магілёва.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: svaboda.org