Пенсіянеры… Хто ў хаце гаспадар?



Сёлетняя перадвыбарчая кампанія не абышла сваёй увагай пенсіянераў.

Многія назіральнікі з абурэннем пішуць пра супрацьпраўныя па сваёй сутнасці дзеянні членаў выбарчых камісій. У чарговы раз “уразілі” педагогі… Іх можна зразумець – тых, хто на пенсіі. Атрымліваць адну пенсію і пенсію разам з заробкам – гэта розныя рэчы, даражэнькія! Усе ўсё разумеюць. Тут ужо падабаецца або не, а будзеш за партфельчык з планамі і падручнікамі трымацца. І лічбачкі патрэбныя выводзіць… Каліграфічным почыркам! Праўда ж? А вось тыя, хто ўжо распачаў новае вольнае жыццё на адну пенсію, – гэта іншая гісторыя! То людзі свабодныя. Амаль. Гісторыя са спадаром Шушкевічам была выключэннем з правілаў: ва ўсіх астатніх таварышаў пенсійнага ўзросту пенсію не адбяруць!

Да таго ж, ва ўсіх амаль пенсіянераў маецца незалежная крыніца прыбыткаў – лецішча, хата ў вёсцы! Тут табе і гурочкі, і кабачкі, і бульбачка. Бясплатны фітнэс і чыстае паветра бонусам. Унукі ў нагрузку, каб сумаваць не прыйшлося. Суцэльны пазітыў (праўда, разам з гэтым і адчувальная фінансавая ды маральная адказнасць!) Чым жа прывабіць гэты – ужо незалежны і самадастатковы – электарат? Як прымусіць іх прыйсці і прагаласаваць “правільна”? Нагадаць, хто ў хаце гаспадар?

Была выбрана дзіўная опцыя – датэрміновая выплата пенсій. З аднаго боку, гэта лагічна: датэрмінова атрымаеш пенсію – датэрмінова прагаласуеш, і вернешся да ўнукаў на лецішча! А з іншага – пралічыліся. Многія сучасныя пенсіянеры атрымліваюць грошы на карту. Разабраліся з мабільным банкінгам, смартфонам і сецівам. Галоўнае – яны яшчэ не развучыліся лічыць, не сустрэліся з “дзядулем” Альцгеймерам і цудоўна разумеюць, што, атрымаўшы пенсію 4 ці 5 жніўня замест 16 ці 17-га, раней яе і зрасходуюць.

У адрозенне ад тых, хто “шчыруе” ў выбарчых камісіях, прэмій пенсіянеры не дачакаюцца. І многія прынцыпова прагаласуюць 9-га, пасля абеду. Па халадочку. А там і на мітынг можна… Што ім губляць у 60-65 год? Ні здароўя, ні грошай, ні ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Адно пенсіі – і тыя малыя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ