Насельніцтва Беларусі ў ліпені купіла валюты амаль на мільярд даляраў



Насельніцтва ў ліпені ў параўнанні з другім кварталам гэтага года істотна павялічыла попыт на замежную валюту, сведчаць звесткі Нацыянальнага банка.

У ліпені жыхары Беларусі набылі ў наяўнай і безнаяўнай форме замежнай валюты на 947,4 млн даляраў, што істотна больш за паказчык папярэдніх месяцаў (у чэрвені купля склала 776,6 млн даляраў, у траўні — 627 млн, у красавіку — 613,9 млн).

Прадалі фізічныя асобы замежнай валюты ў ліпені на 731,7 млн даляраў (супраць 698,9 млн даляраў у чэрвені, 569,1 млн — у траўні і 544,4 млн — у красавіку).

Такім чынам, у ліпені насельніцтва купіла замежнай валюты на 215,6 млн даляраў больш, чым прадало. Чысты попыт на замежную валюту з боку насельніцтва ў ліпені апынуўся самым высокім у параўнанні з паказчыкамі другога квартала (у чэрвені чыстая купля замежнай валюты фізічнымі асобамі склала 77,7 млн даляраў, у траўні — 58,8 млн, у красавіку — 69,5 млн).

Рост попыту на замежную валюту ў Беларусі ў апошняе дзесяцігоддзе традыцыйна назіраецца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Як паведамлялася, пасля выбараў кіраўніка дзяржавы ў снежні 2010 года ў краіне адбылася рэзкая дэвальвацыя нацыянальнай валюты. Прэзідэнцкія выбары сёлета пройдуць 9 жніўня.

Варта адзначыць, што ў 2017—2019 гадах насельніцтва больш прадавала замежнай валюты, чым купляла. У першай палове 2020 года назіралася адваротная сітуацыя — насельніцтва стала выступаць чыстым пакупніком замежнай валюты. Змену паводзін грамадзян на валютным рынку ў першай палове года фінансавыя аналітыкі тлумачаць тым, што на фоне пандэміі адбыўся рост курсаў замежных валют і ўзмацніліся дэвальвацыйныя чаканні.

У студзені сярэдні курс даляра склаў 2,12 рубля за даляр, у лютым — 2,19 рубля, сакавіку — 2,4 рубля, красавіку — 2,51 рубля, траўні — 2,43 рубля, чэрвені — 2,38 рубля, ліпені — 2,41 рубля.

belapan.by