На Берасцейшчыне самы нізкі ўзровень даходаў
Па дадзеных Белстата, жыхар паўднёва-заходняга рэгіёна ў 2014 годзе ў сярэднім атрымаў 3 мільёны 845 тысяч рублёў, што амаль у два разы ніжэй за сярэдні прыбытак у Менску. Агулам прыбыткі спалі на палову працэнта. Дынаміку падзення пракаментаваў кіраўнік Свабоднага Прафсаюза Валянцін Лазарэнкаў:
– У 2011 годзе рэальная сума заробкаў па Берасцейскай вобласці ў даляравым эквіваленце была каля 500$. Гэта былі рэальныя грошы пры тых цэнах. На адну трэцюю гэтыя заробкі зніклі ўжо ў 2011 годзе. За 2012 год мы страцілі яшчэ прыкладна 20%, у 2013-ым – яшчэ 20%… На сённяшні дзень – яшчэ мінус 20%.
Лідарамі па прыбытках у Беларусі апынуліся горад Менск, Менская, Гарадзенская і Віцебская вобласці. Сярэдні штомесячны прыбытак на душу насельніцтва ў гэтых рэгіёнах склаў больш за чатыры мільёны рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота finatica.by