Кіраўнікі МЗС Францыі, Германіі і Польшчы заклікалі ўлады Беларусі ўстрымацца ад гвалту



Міністры замежных спраў Францыі, Германіі і Польшчы выступілі з сумеснай заявай, у якой выказалі вялікую заклапочанасць падзеямі ў Беларусі і заклікалі ўлады ўстрымацца ад гвалту.

„Мы з вялікай заклапочанасцю назіраем за падзеямі ў Беларусі. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў мы цвёрда стаім за права беларускага народа ажыццяўляць свае асноўныя свабоды, у тым ліку выбарчыя правы, і падтрымліваем незалежнасць і суверэнітэт Беларусі”, — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце знешнепалітычнага ведамства Германіі.

Кіраўнікі МЗС трох краін занепакоеныя тым, што БДІПЧ АБСЕ, Парламенцкая асамблея АБСЕ і Парламенцкая асамблея Рады Еўропы „не атрымалі магчымасці назіраць за выбарчым працэсам”. „Таму мы заклікаем беларускія ўлады правесці прэзідэнцкія выбары свабодна і сумленна, у тым ліку забяспечыць незалежны маніторынг з боку мясцовых назіральнікаў. Мы прынялі да ведама трывожныя паведамленні аб парушэннях на выбарах падчас датэрміновага галасавання”, — адзначаецца ў дакуменце.

Падкрэсліваецца, што Беларусь з’яўляецца важным суседам Еўрапейскага саюза і актыўным членам Усходняга партнёрства. „Нашы адносіны ў апошняе дзесяцігоддзе характарызаваліся складаным, але шматабяцальным дыялогам і практычным супрацоўніцтвам, — гаворыцца ў заяве. — Мы верым ва ўмацаванне сувязяў паміж Беларуссю, яе народам і Еўрапейскім саюзам, заснаваных на паважанні агульных дэмакратычных каштоўнасцяў, уключаючы грамадзянскія свабоды і вяршэнства закона”.

„Дзякуючы нашым сумесным намаганням ужо многае дасягнутае. Мы выказваем заклапочанасць тым, каб нашы агульныя дасягненні не былі сарваныя, — падкрэсліваецца ў заяве міністраў замежных спраў Францыі, Германіі і Польшчы. — Мы заклікаем беларускае кіраўніцтва вызваліць усіх зняволеных, затрыманых па палітычных матывах, устрымацца ад гвалту або любой дзейнасці, скіраванай супраць правоў чалавека, уключаючы грамадзянскія і палітычныя свабоды, і паважаць волю беларускага народа. Няма іншага шляху да ўмацавання беларускай незалежнасці, акрамя сапраўднага і інклюзіўнага сацыяльнага дыялогу”.

belapan.by