Сяргей Антончык: Лукашэнка недарэмна праліў слязу
Чвэрць веку таму ў Вярхоўным Савеце тады яшчэ БССР упершыню ў гісторыі вышэйшага заканадаўчага органа ўзнікла парламенцкая апазіцыя БНФ. Без малага тром дзесяткам чалавек удалося зрабіць нечуванае, куда іх не закідвала напачатку самая буйная фантазія – яны ініцыявалі ды здзейснілі, скарыстаўшы спрыяльны гістарычны момант, утварэнне суверэннай, незалежнай Рэспублікі Беларусь. Былі, як пісалі, “рухавіком працэса”.
Адным з бліжэйшых паплечнікаў старшыні фронта і кіраўніка фракцыі Зянона Пазьняка быў экс-дэпутат, лідар рабочага руху Сяргей Антончык, які таксама ўвайшоў у гісторыю са сваім дакладам пра карупцыю ў атачэнні тады нядаўна абранага Аляксандра Лукашэнкі, што прагучаў у сценах парламента больш за 20 год таму ды ўзарваў сітуацыю ў грамадстве. Апошні ў часе слухання ў літаральным сэнсе пусціў слязу – выступ трансляваўся ў наўпроставым эфіры.
Грунтоўныя факты, што былі там прадстаўлены, рабілі, па меншай меры, дробнымі енкі пра цвікі на лецішчы Станіслава Шушкевіча, вакол чаго быў пабудаваны папярэдні антыкарупцыйны даклад яшчэ дэпутата Лукашэнкі. На наступны день адбыўся, бадай, першы сур’ёзны наступ на свабоду слова – асноўныя дзяржаўныя газеты выйшлі з “белымі плямамі” – даклад Антончыка быў забаронены для надрукавання з адміністрацыі прэзідэнта.
Пасля Антончыка, давераную асобу Генадзя Карпенкі, спрабавалі скрасці праславутыя “чорныя маскі”. Яго збілі ў Авальнай зале ў часе галадавання дэпутатаў апазіцыі БНФ. У 2001 вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, пасля зняўшы сваю кандыдатуру на карысць Міхаіла Марыніча. І… на гады знік з публічнага зроку.
Спадар Антончык мае жонку, трох дзяцей, унукаў. Выпрацаваў сваё, непадробнае бачанне палітычнай структураванасці беларускага грамадства. Адпаведна – сваё месца ў ёй. Кажа, што як дзеючы практык, не выпадкова замест удзелу ў якой-небудзь партыі абраў працу ў радзе Кангрэса за Незалежнасць. Сёння – ён госць “РР”.
РР: Сяргей, за “абразу годнyасці” тагачаснага кіраўніка справамі пр’зідэнта Івана Ціцянкова былі асуджаныя на частковае пазбаўленне асабіcтай маёмасці. Але ці праўда, што ніводзін з фактаў, выкладзеных у Вашым антыкарупцыйным дакладзе дагэтуль не абвергнуты?
Сяргей Антончык: Так! Але яны, у прынцыпе не мелі права падаваць на мяне ў суд, бо даклад я чытаў па даручэнні Вярхоўнага Саваета. Увогуле, па выкладзеных матэрыялах папярэдне мусілі правесці дослед. Але самі, парушаючы заканадаўства, нават не прынялі іх да разгляду. Праблемы ж, што я ўзняў 20 год таму, не страцілі актуальнасці і сёння. Галоўныя карупцыйныя здзелкі праходзілі ў сельскай гаспадарцы. Дарэчы, нядаўна Лукашэнка прызнаўся, што за часы ягонага прэзідэнцтва на крэдыты туды выдаткавалі 55 млрд даляраў. Невядома толькі, які адсотак пайшоў у выглядзе адкатаў ды на будаўніцтва аграпалацаў для кіраўнікоў наваяўленых “гарадкоў”. Другое “карупцыйнае” месца у дзялкоў, што маюць дотык да паставак нафтаэнэргарэсурсаў. Зараз зноў скачуць курсы – яны расчынілі раток на “інфляцыйную” розніцу. Напрыклад, раней быў стабілізацыйны фонд, дзе збіраліся запасы нафты, калійнх угнаенняў, тых жа МАЗаў ды трактароў. Блізкі да ўладаў чалавек прыходзіў, купляў іх па таннаму курсу і перапрадаваў у разы і разы даражэй. Прыпамінаю самую “грашовую” такую здзелку, пра якую ўзгадваў у дакладзе. Калі “Белаграпрамбанк” выдаў расейскай фірме “Віцязь” крэдытаў на 13 млн “зялёных”, а тая праз год зрабіла залік беларускімі грашыма, але па іншаму курсу, вярнуўшы аж… 705 тысяч даляраў!
РР: 20 год прайшло пасля Вашага гістарычнага даклада. І хоць, паводле апошняга апытання незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, сярод 10 найбольш “балявых кропак” карупцыя не значыцца, на якое б месца паставілі яе сярод пагрозаў незалежнасці Беларусі?
Сяргей Антончык: На першае! Бо першая пагроза – з Усходу. Само існаванне варагуючай з суседзямі расейскай імперыі ёсць небяспека для нашай краіны. А механізм карупцыі, якую выкарыстоўвае Крэмль дзеля ўтрымання ў полі свайго ўплыву рэспублік былога СССР, я называю “расейскай матрошкай”. У іх “акварыюме” былі падрыхтаваныя кіраўнікі будучых незалежных дзяржаў – Януковіч на Украіне, Смірноў ў Прыднястроўі і наш Лукашэнка. Як яны меркавалі, задача такіх кіраўнікоў – разбурыць “тутэйшыя” вертыкалі ўлады, эканоміку, ліквідаваць нацыянальныя кадры. Усё робіцца праз ценявыя карпарацыі, “пазабюджэтныя” фонды, што праводзяць нарабаваныя сродкі праз афшоныя зоны. Такім чынам, Расея кантралюе цэлыя краіны…
РР: Значыць, і праз 20 год матэрыялаў для новага антыкарупцыйнага даклада хапіла б?
Сяргей Антончык: Хапіла, але дарагая лыжка да абеда. Да таго ж, пры сённяшняй “галоснасці” не было б магчымасці давесці асноўныя тэзы да народа. Дый тады ўсё прайшло з праславутымі “белымі плямамі” . Уявіце, што рабілася ў мазгах падпішчыкаў, калі адкрывалі прэзідэнцкую “Звязду” з чыстымі газетнымі фарматамі тыпу А-2. Ці яшчэ ўладны “прыкол” –крупцыйныя асобы, прыведзеныя ў дакладзе, цалкам сур’ёзна у тэксце адказвалі на мае абвінавачанні ў выглядзе “плямаў”. Поўная шыза! У апазіцыі стаяў бясконцы рогат! Так што паводзіны нашых уладаў дзесяцігоддзі трывала і беспакарана грунтуюцца на карупцыйнай платформе! Карупцыя аб’ядноўвае чыноўнікаў, дае магчымасць іх кантраляваць ды імі кіраваць. Калі кіраўніка запрашаюць на працу не па дзелавых якасцях, а па наяўнасці на яго “кампрамата”. У краінах таталітарных, дыктатарскіх гэта падмурак, на якім стаіць ТАКАЯ ўлада.
РР: Ужо пісалася пра тое, што Лукашэнку выгодная карумпаванасць кадраў вышэйшага і сярэднягя звяна…
Сяргей Антончык: Канешне! У дакладзе я і ўвёў тэрмін “кадравая карупцыя”. Ніхто не ідзе працаваць ва ўладу па ідэалагічных устаноўках, калі ён не вар’ят. Дый у сённяшняй улады і няма прыстойнай ды прывабнай ідэалогіі – прынамсі, нацыянальна-патрыятычнай, эўрапейскай, незалежнай. Ёсць негалосная “указіўка” – крадзі, пакуль пры ўладзе. Атрымлівай “адкаты”. Уладкоўвай “цяплей” дзяцей і сям ’ю. Таму генерал міліцыі дае антызаконны загад рабіць “хапун” бабулькам, што прыйшлі паставіць свечкі ля помніка Тарасу Шаўчэнку. Проста так? Не, перад ім мроіцца кавалак зямлі ў Драздах, дзе пабудуе сядзібу! Увогуле, першая “задача” карупцыі – аб’яднаць чыноўнікаў пад мяноклічамі асабістай аддадзенасці Лукашэнку, па- другое, выкарыстоўваць іх у сваіх карыслівых мэтах. Суддзя, на якога ёсць пульхнае дасье, будзе засуджваць на тое, на што не мае права, паводле заканадаўства. Ці, напрыклад, фальсіфікаваць выбары. Між іншым, “кадравай” карупцыі не было нават пры камуністых. Калі без “компры” проста не ставяць на вялікія пасады. Гэта дае магчымасць кантраляваць іх паводзіны і палітычную лаяльнасць. У той жа Расеі рэальная барацьба з карупцыяй немагчымая і невыгодная, бо развальваецца “кантракт” , што існуе паміж Пуціным ды нацыянальнымі, кланавымі групоўкамі. За што і кладзецца “кампансацыя” – раней хабар фартовымі шчанюкамі давалі, цяпер “бяры сам, на што вока пакладзеш”. Мне задаюць пытанні – а чаму ж пры гэтым ідуць пасадкі, у тым ліку, вышэйшых асобаў? А тады, калі не па ранжыру ўзяў, альбо, скажам, праігнараваў вышэйшага “глядзедльніка” і не здаў у агульную касу нейкую рэнту. Краіна ператвораная ў гіганцкае карупцыйнае ўнітарнае прадпрыемства. Калі колькі асобаў выкарыстоўваюць у прыватных мэтах агульнаграмадскі прыбавачны прадукт. Ільвіная яго бонда ідзе на ўзмацненне самаўлады, суды, ахову, АМАП, пракуратуру, тую ж фальсіфікацыю выбараў і г.д. Другая, меншая частка на ўзмацненне дабрабыту асноўнай масы чыноўнікаў – спецлекарні, заробкі ў “капэртах”. І зусім маленькая – тым, хто яго ўласна вырабляе.То бок, на сацыяльныя выплаты, пенсіі. Такім чынам дзейнічае не вертыкаль улады, а прырастае Дрэва Карупцыі. Пры гэтым катастрафічна разбураецца грамадства. У нас вельмі законапаслухмянае насельніцтва было. А сёння, калі бацька хоча ўладкаваць недзе лепей сына – ідзе ды дае хабар. Лепшаму ўрачу – таксама на “лапу”. Людзі разумеюць, што па закону нічога не атрымаецца, лепш купіць, што трэба. І гэта можа перамясціць вектар нашага гістарычна еўрапейскага выбару на азіяцкі. Таму і лічу, што калі ўсур’ёз не будзем браць пад увагу, аналізавацть ды змагацца з карупцыйнай гідрай, страцім найвышэйшую каштоўнасць – Незалежнасць!
РР: Пасля альтэрнатыўных выбараў пад вядзеннем пакойнага Віктара Ганчара, што не адбыліся, вы з вялікай палітыкі зніклі, дагэтуль не бярэце ўдзел у ніводнай з палітычных партый. Гэта прынцыпова?
Сяргей Антончык: У краіне, што напампаваная “стукачамі” не толькі ў дзяржаўных, але і апазіцыйных структурах, дзе людзі не ведаюць што рабіць і каму верыць, давялося б не працаваць, але імтаваць дзейнасць. Гэта не маё і не для майго тэмперамента. У раду ж Кангрэса ўвайшоў, бо лічу, што ў небяспецы галоўная заваёва – Незалежнасць!
РР: Ці магчымае паўтарэнне страйкаў 90-х, калі асноўныя менскія прадпрыемствы былі спыненыя – сёння?
Сяргей Антончык: Страйкі прайшлі, калі зусім не выплачваўся заробак працоўным, а цэнтралізаваная Савецкая ўлада разбурылася. Сёння людзей скарачаюць, але тым, хто застаецца, нешта плацяць. Але калі ў рэжыма знікне магчымасць “купляць” людзей, любыя сацыяльныя выбухі верагодныя. І пра ўсе гэтыя ЕўраАЗэсы ды СНД, што прынеслі вялікія кошты ды інфляцыю, насельніцтва пачынае разумець, што гэта не выратаванне, пакуль не навядзем парадак у сваім доме. Бо яны на карысць толькі мафіёзі, каб перапампоўваць з адной краіны ў другую фінансавыя ды таварныя патокі. Правільна кажуць, што ў Расеі Пуціну непатрэбныя людскія масы. Дастаковая купка “адмыслова навучаных” , каб качаць нафту з газам ды прадаваць ва ўсе бакі. Тым больш, хіба магчыма у дэмакратычных дзяржавах, каб кіраўнік выстаўляў на таргі, да прыкладу, калійнае прадпрыемства альбо трактарны завод іншай дзяржаве?! Ці надзяляў “угодных” васалаў кавалкамі зямлі з вяскоўцамі?! А кірмашы, што без усялякіх войнаў трымаюць азербайджанцы з армянамі? Калі гаротны беларус, ня гледзячы на заканадаўчае спрыянне, мусіць несці хабар за адкрыццё шапіка? Хіба ў Польшчы, Нямеччыне мы б атрымалі прэферэнцыі большыя, чым мясцовыя? Ці яшчэ. У нас транзітная краіна. І калі прадала “трубу” Газпраму, мусіць атрымліваць паліва па ўнутраных коштах, як тая ж Смаленская вобласць. Але цэны растуць – чытай чаму папярэдне.
РР: Сяргей, Вы адзіны чалавек у краіне, што ў часе чытання свайго антыкарупцыйнага даклада прымусілі Лукашэнку пусціць слязу. І пры гэтым, дзякуй бгу, засталіся жывы-здаровы. Днямі ўладкаваліся нават на афіцыйную працу. Няўжо ніколі не баіцеся, альбо верыце ў сваю пуцяводную зорку?!
Сяргей Антончык: 20 год таму яшчэ не было “эскадронаў смерці”. І Лукашэнка быў іншы – мо яшчэ памятаў часы, калі хлапчуком дралі вушы, калі залез у чужы сад. Здаецца, да яго і вярнулася дзіцячае абуральнае адуванне – вось ішоў з усяе моцы да ўлады, тут тысячы людзей, журналісты з усяго свету, а паказваецца, што такіх жа карупцыянераў сабраў вакол! А паказчыкам адносінаў да мяне ўлады з’яўляецца тое, што ў часе любых выбараў мяне прама на вуліцы бяз дай-прычыны затрымліваюць на 15 сутак – лічаць небяспчным, не забываюць! Але апошняе скажу, што сваю гістарычную місію мы, “незалежнікі”, каму ў 90-х удалося спрацаваць у “вялікай палітыцы” выканалі. Гісторыя паспрыяла ўтварыць сваю краіну, вянуцца да нацыягальных каранёў. Перад новым пакаленнем Час ставіць такія ж пытанні – як захаваць, змагацца за Беларусь . Колькі стане сіл, ведаў ды імпэту – будзем побач з імі…
[Not a valid template]
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара