Польскія парламентарыі маюць намер прыбыць у Беларусь на выбары прэзідэнта
Старшыня руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч накіраваў сенатару і дэпутатам польскага сейма запрашэнне наведаць Беларусь у дзень выбараў прэзідэнта.
Як паведаміў Губарэвіч БелаПАН, запрашэнне накіраванае ад імя руху „За Свабоду” сенатару Марціну Басацкаму, кіраўніку парламенцкай групы па Беларусі Роберту Тышкевічу, а таксама іншым дэпутатам сейма і членам групы наведаць Беларусь у дзень выбараў.
На думку палітыка, „пры адсутнасці незалежнай назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ асабліва важна паказаць міжнароднай супольнасці, што беларусы маюць намер ажыццявіць перамены ў сваёй краіне выключна мірным і дэмакратычным шляхам”.
Сярод запрошаных, акрамя Тышкевіча і Басацкага, члены групы па Беларусі Міхал Ярас і Міхал Шчэрба. „Яны ўсе, безумоўна, добра ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі і сочаць за падзеямі, але іх непасрэдная прысутнасць дасць магчымасць сфарміраваць сваю пазіцыю, абапіраючыся на інфармацыю з месца падзей”, — дадаў Губарэвіч.
Паводле яго слоў, у планах польскіх палітыкаў прыбыць у Беларусь у суботу, 8 жніўня, напярэдадні асноўнага дня галасавання.