Затрымалі віцебскую блогерку Алену Янушкоўскую. Разам з дачкой
Юлія Уласенка паспела паведаміць пра затрыманне праз тэлеграм-чат. Разам з маці, блогеркай Аленай Янушкоўскай, яны былі назіральніцамі на выбарах – на ўчастку, размешчаным у вёсцы Пестуніца. У будынак сельсавета, дзе адбываюцца датэрміновыя выбары, іх не пускалі тры дні запар, і жанчыны назіралі звонку – падлічвалі колькасць прагаласаваўшых.
Алена Янушкоўская, стваральніца відэаблога «Настоящая Беларусь», вяла адтуль стрымы на сваю старонку ў Фэйсбуку. Верагодна, гэта было расцэнена як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства: пра тое, што жанчын вінавацяць паводле артыкула 23.34 КаАП, паведаміў Сяргей Уласенка, муж Юліі.
На думку праваабаронцы Ірыны Траццяковай, затрыманне жанчын невыпадковае:
– Уладзе зараз не патрэбныя ні назіральнікі, ні выбаршчыкі. Асабліва калі яны ёсць грамадскімі актывістамі або займаюцца чымсьці па выбарах – гэта відэаблогеры, людзі, якія вядуць сацыяльныя сеткі, тэлеграм-каналы, чаты – гэта людзі, якія зараз замінаюць уладам, паказваючы, што адбываецца.
Праваабаронца звяртае ўвагу на тое, што Алена Янушкоўская – інвалід 3-й групы, хаця сёлета яе ўжо тры разы змяшчалі ў ізалятар часовага ўтрымання на выходныя да суду. І што Юлія Уласенка – маці дваіх непаўнагадовых дачок, якія засталіся дома. Супрацоўнікаў міліцыі гэтыя акалічнасці не кранаюць і не ўспрымаюцца як падстава для таго, каб адпусціць маці з дачкой на волю.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск