„Манчэстар Сіці” і „Ліён” выйшлі ў чвэрцьфінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў
Футбалісты англійскага „Манчэстэр Сіці” і французскага „Ліёна” прабіліся ў чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў. У матчы ў адказ 1/8 фіналу „Манчэстар Сіці” абыграў мадрыдскі „Рэал” з лікам 2:1. Абодва гола мадрыдцы прапусцілі пасля грубых памылак свайго абаронцы Варана. У іх першай сустрэчы ў іспанскай сталіцы англічане выйгралі з такім жа лікам.
Супернікам Манчэстэрскага клуба ў чвэрцьфінале будзе „Ліён”, які адолеў па суме двух матчаў італьянскі „Ювентус”. На сваім полі французская каманда выйграла з лікам 1:0, а ў Турыне саступіла 1:2, і дзякуючы голу, забітаму на чужым полі, прайшла далей.
Яшчэ два матчы ў адказ 1/8 фіналу адбудуцца сёння: „Баварыя” прыме „Чэлсі” (першы матч нямецкая каманда выйграла 3:0), а „Барселона” на Камп Ноу пазмагаецца з італьянскім «Напалі» (першы матч завяршыўся ўнічыю 1:1).
„Іслач” абыграла „Віцебск” у матчы 21-га тура чэмпіянату Беларусі
Футбалісты „Іслачы” перамаглі „Віцебск” з лікам 3:2 у гасцявым матчы 21-га тура чэмпіянату Беларусі. У складзе пераможцаў мячы забілі Дзмітрый Юсаў, Мікалай Януш і Аляксандр Макась, гаспадары адказалі галамі Антона Мацвеенкі і Паўла Назаранкі. Для каманды Віталя Жукоўскага гэта другая вікторыя запар, а падначаленыя Сяргея Ясінскага пацярпелі другую паразу запар. Паядынак паміж менскім „Дынама” і „Смалявічамі” перанесены на 14 жніўня. Сустрэча „Менска” і „Славіі” перанесена на 12 жніўня.
Нікола Анціч прызнаны найлепшым гульцом чэмпіянату Беларусі ў ліпені
Абаронца салігорскага „Шахцёра” Нікола Анціч прызнаны найлепшым гульцом футбольнага чэмпіянату Беларусі ў ліпені. Такі вынік традыцыйнага галасавання журналістаў вядучых беларускіх СМІ, які праводзіцца асацыяцыяй „Беларуская федэрацыя футбола”. У выніку апытання 26-гадовы серб набраў 33 балы з 48 магчымых. Яго канкурэнтамі былі Максім Скавыш з барысаўскага БАТЭ, Дыега Сантас з „Віцебска”) і Дзяніс Грэчыха з берасцейскага „Руха”. Лепшым сярод трэнераў у ліпені стаў настаўнік „Шахцёра” Юрый Вернідуб, які набраў 35 балаў.
Футбалісты „Зеніта” выйгралі Суперкубак Расеі
Матчам за Суперкубак ў Расеі адкрыўся новы футбольны сезон. У Маскве чэмпіён і ўладальнік Кубка краіны „Зеніт” з Санкт-Пецярбурга адолеў срэбранага прызёра мінулага першынства сталічны „Лакаматыў” з лікам 2:1. На 14-й хвіліне лідар нападаў „Зеніта” Арцём Дзюба забіў першы гол, пасля перапынку, на 69-й хвіліне сустрэчы Магамед Аздоеў павялічыў перавагу піцерскага клуба, а яшчэ праз тры хвіліны харвацкі легіянер „Лакаматыва” Ведран Чарлука скараціў разрыў да мінімуму. Футбалісты „Зеніта” ў пяты раз сталі ўладальнікамі расейскага Суперкубка. Чарговы чэмпіянат Расеі стартуе сёння матчам падмаскоўных „Хімак”, якія ў гэтым сезоне вярнуліся ў элітны дывізіён, і футбалістаў маскоўскага ЦСКА пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста Віктара Ганчаранкі.
Сасновіч не выйшла ў паўфінал тэніснага турніру ў Палерма
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч завяршыла выступы на турніры ў італьянскім Палерма з прызавым фондам 202 тысячы даляраў.
У чвэрцьфінале беларуска ўступіла на двух тай-брэйках 15-й ракетцы свету Петры Марціч з Харватыі – 6:7 (5:7), 6:7 (3:7). Гульня доўжылася дзве гадзіны 20 хвілін. Турнір Palermo Ladies Open з’яўляецца першым афіцыйным пасля перапынку, звязанага з пандэміяй COVID-19.
Менскае „Дынама” адкрые новы сезон КХЛ матчам з „Йокерытам”
Менскае „Дынама” адкрые новы сезон чэмпіянату КХЛ 3 верасня хатняй сустрэчай супраць фінскага „Йокерыта”. Такая інфармацыя змяшчаецца ў афіцыйным запісе лігі ў Twitter. Гульня беларускай і фінскай каманд на „Менск-Арэне” стане адным з сямі паядынкаў, якія пройдуць на наступны дзень пасля розыгрышу Кубка адкрыцця. Дадзены трафей 2 верасня аспрэчаць маскоўскі ЦСКА і казанскі „АК Барс”.
Беларускае Радыё Рацыя