У Берасці затрыманыя актывісты Павел Кінчак і Яўген Таргонскі
У Берасці 8 жніўня затрыманыя грамадскія актывісты Павел Кінчак і Яўген Таргонскі.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, прыблізна а 12-й гадзіне ў кватэры па месцы жыхарства супрацоўнікі міліцыі затрымалі Яўгена Таргонскага, у 14.00 у пункце пропуску Казловічы — Паўла Кінчака. Кінчак працуе кіроўцам і вяртаўся з Польшчы ў Беларусь.
„Як мяркуецца, Кінчака і Таргонскага даставілі ў Ленінскі РАУС. Хутчэй за ўсё, да 10 жніўня іх будуць трымаць у ІЧУ. Потым будуць судзіць за адміністрацыйныя правапарушэнні”, — дадаў праваабаронца.
6 жніўня ў Берасці супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя грамадскія актывісты браты Аляксандр і Дзмітрый Казлянкі.
„Дзмітрыя ў гэты ж дзень адпусцілі. Аляксандра змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе ён знаходзіцца дагэтуль. Аляксандр затрыманы па адміністрацыйнай справе, — адзначыў праваабаронца. — Міліцыя рыхтуецца да магчымых пратэстаў паводле вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і пачала „хапун” патэнцыйных найбольш актыўных удзельнікаў такіх акцый”.
Выбары прэзідэнта пройдуць 9 жніўня.