У віцебскім ІЧУ не прымаюць перадачы: там “асаблівае становішча”



Згодна з загадам начальніка міліцэйскай управы аблвыканкама і з дазволу пракуратуры, арыштаваным у ізалятары часовага ўтрымання  забаронена перадаваць прадукты і сродкі гігены.

Пра гэта паведаміла каардынатарка БХД Таццяна Севярынец, якая павезла перадачу затрыманай учора блогерцы Алене Янушкоўскай:

– Усё перапісалі, колькі пазіцый там – мыла, хлеб, кілбаса, булкі, печыва, яблыкі, вада. Вада – там самае галоўнае… І тут дзяжурны кажа: “Перадачы перадаваць нельга. Асаблівае становішча”… Я не плакала нават тады, калі майму Пашу забаранялі перадаваць перадачы. А тут як дала рову! Галасіла там, у мяне проста ліліся слёзы з вачэй!

Блогерка Алена Янушкоўская, інвалід 3-й групы, хворая на астму,  знаходзіцца ў ІЧУ з учорашняга дня: яе затрымалі каля выбарчага ўчастка ў вёсцы Пестуніца, адкуль яна вяла стрым.

Жанчыну вінавацяць у парушэнні правілаў дарожнага руху і хуліганстве. Суд над ёй і Аляксандрам Мацеюком,  гэтаксама затрыманым учора прыхільнікам “Страны для жизни”, мае адбыцца 10-га жніўня. Хлопца затрымалі ўвечары, калі ён вяртаўся дахаты, за што канкрэтна – не вядома. Пад арыштам у ІЧУ знаходзяцца яшчэ пяцёра актывістаў: Руслан Ахрымчук, абвінавачаны ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі, а таксама Аляксандр Якушкоў і Уладзімір Кійко – іх змясцілі ў ізалятар напярэдадні выбараў, каб  адбыць “суткі”, прысуджаныя  за ўдзел у нібыта несанкцыянаваных акцыях у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Сёння ў ізалятар завезлі  Аляксея Саламаненку, затрыманага падчас назірання, і Юлію Барсукову – каардынатарку “Страны для жизни”, у якой быў праведзены ператрус.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск