«Катавасія» ў Глыбокім падчас выбараў
У Глыбокім адбылося «Коташоў», якое ў народзе перайначылі на «катавасію». Яно праходзіла ў межах культурна-спартовага свята «Суботні вечар для ўсёй сям’і». Ладзіў імпрэзу Глыбоцкі райвыканкам напярэдадні выбараў. І каб не асноўная тэма свята, якая яшчэ была прымеркаваная да Міжнароднага дня ката, наўрад ці сабралася б столькі сем’яў з дзецьмі. Але, па мерках Глыбокага, людзей усё адно было няшмат. Хоць задума з тэмай катоў была цікавай, якую трэба было б працягнуць і надалей.
Кажа наведвальніца свята:
– Здзівілася, што свята, да таго ж даведаліся, што сёння, 8 жніўня, – Міжнародны дзень ката. Мы прачыталі праграму, што будзе котадыскатэка і ўдзел дзяцей у свяце з любімай цацкай-катом, трэба было распавесці гісторыю пра яе. У мяне сын захацеў прынесці жывога кат. Ён з ім гуляе ўвесь час.
Падчас свята мясцовыя рамеснікі зладзілі выставу катоў, зробленых з падручнага матэрыялу, і паказалі майстар-клас па вырабе катоў з тканіны і дрэва.
Як кажа майстар-метадыст Глыбоцкага дома рамёстваў Віктар Дудкевіч, для вырабу прыгожых сувеніраў можна выкарыстаць нават любыя драўляныя або будаўнічыя адходы:
– Былі такія адходы. І хацеў паказаць бацькам, што можна рабіць з дзецьмі. Цяпер час вакацыяў, адпачынкаў на лецішчах. І чым можна было б упрыгожыць свае лецішчы і бавіць разам час.
На свяце дзеці з бацькамі глядзелі батлейку, лялечны спектакль. Дзеці прынеслі з дому свае любімыя цацкі ў выглядзе ката і распавядалі пра іх гісторыі, а некаторыя нават прыйшлі са сваім жывым гадаванцам. За гэта яны атрымлівалі невялікія прызы. Адначасова ладзіліся атракцыёны, спартовыя гульні і канцэрт.
Адзіным недарэчным элементам падчас свята выглядала тое, што ў гандлёвай палатцы ўнітарнага прадпрыемства «Глыбоцкі колас» разам з прысмакамі для дзетак прадавалі і спіртныя напоі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя